Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна

Невялікая вераб’іная птушка з далёкай Інданезіі, якая дагэтуль была вядомая толькі па двух скурках з навуковых калекцый, цяпер знойдзена ва Ўсходнім Тыморы.

З 1932 году, калі на Заходнім Тыморы былі здабытыя два экземпляры тыморскага хмызняковага цвыркуна Bradypterus timorensis, гэтых птушак ніхто больш не бачыў.  У 2009 годзе адбылося пераадкрыццё віду на тэрыторыі Усходняга Тымору , які мае назву дзяржавы Timor-Leste, акрамя гэтага яшчэ адна папуляцыя была знойдзена на невялікім астраўку Alor (Інданезія). Аднак артыкул пра гэта з’явіўся толькі цяпер.
Тыморскі хмызняковы цвыркун быў прызнаны асобным відам птушак толькі ў 2000 годзе, калі разам з хмызняковым цвыркуном Рассэта (Russet Bush-warbler) B mandelli і яванскім хмызняковым цвыркуном (Java Bush-warbler) B montis быў вылучаны са складу хмызняковага цвыркуна Бенгуэта (Benguet Bush-warbler) B seebohmi. Аўтары артыкула ў часопісе BCI цяпер адносяць усе гэтыя віды ў род "звычайных" цвыркуноў Locustella.
На востраве Алор як мінімум 13 самцоў былі адзначаныя спяваючымі з адпаведных тэрыторый, парослых хмызняком і травой на ўскрайку лесу на вышыні паміж 859-1,250 м. На Тыморы былі пачутыя каля 40 самцоў тыморскага хмызняковага цвыркуна на лугах з высокай травой на вышыні паміж 1,720-2,100 м. Як і для іншых цвыркуноў, песня гэтага віду параўнальна гучная і лёгка можа быць пачутая чалавекам з адлегласці каля 100 м, аднак саміх птушак убачыць вельмі цяжка. Некалькі ўбачаных птушак уяўлялі з сябе даўгахвостых, карычнева-ржава афарбаваных цвыркуноў. Падобна дробным грызунам, птушкі ўвішна бегаюць па паверхні зямлі, а вось лятаюць неахвотна і звычайна паміж расліннасцю.
Цікава, што птушкі аднаго віду сустракаліся ў розных біятопах на розных астравах. Аднак звязана гэта, хутчэй за ўсё, з розным узроўнем засваення астравоў чалавекам – на Тыморы перавыпас быдла і частыя пажары расліннасці загналі цвыркуноў у перадгор’і. 
Дагэтуль тыморскі хмызняковы цвыркун лічыўся Near Threatened у Чырвоным спісе МЗАП (IUCN Red List), аднак пасля апошніх знаходак адбудзецца яго пераацэнка. Папуляцыя з вострава Алор знаходзіцца на адлегласці каля 100 км ад Тымора і добра ад яго ізаляваная, таму важна захаваць магчымасць далейшай асобнай эвалюцыі птушак з розных месцаў распаўсюджання. Каб зразумець сапраўдны статус і выбар аптымальных біятопаў, патрэбныя далейшыя даследаванні на абодвух астравах.
 

Здымак з www.ibc.lynxeds.com
Крыніца:
Trainor, C R, Verbelen, P and Hoste, S. 2011. Rediscovery of the Timor Bush Warbler Locustella timorensis on Alor and Timor, Wallacea: clarifying taxonomic affinities, defining habitat and survey recommendations. Bird Conservation International  DOI:10.1017/S0959270911000530.


Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Гавайскія квяткоўніцы паходзяць ад... чаромашнікаў

Генетыкі адкрылі новы від папугая, які знаходзіцца на мяжы знікнення

Адзін від амерыканскіх лесак падзялілі на чатыры

Марскі і снежны зуйкі – асобныя віды

 Грычуноў больш відаў, чым сцвярджалі дагэтуль?

Вымерлы дрозд насамрэч... авяльга