Сёлета ўпершыню ў Вялікабрытаніі зарэгістраваная гняздуючая пара караваек (Plegadis falcinellus) – птушкі былі адзначаныя ў рэзерваце RSPB у графстве Lincolnshire.
Каравайкі будавалі гняздо ў рэзерваце Frampton Marsh RSPB, каля Бостана. І хаця ніводнае птушанё ў гэтай пары не вывялася, шматлікія каментатары выказалі надзею, што ў будучыні від зможа заснаваць на Брытанскіх астравах самадастатковую папуляцыю.
Джон Бэдлі (John Badley), старэйшы мэнеджар рэзервату RSPB, сказаў: “Птушкі пабудавалі гнездавую платформу ў некалькі дзён, мы назіралі тыповыя паводзіны стварэння пары, аднак ніводнага яйка ў гняздзе не з’явілася. Хутчэй за ўсё, гэта паводзіны неполаваспелых птушак, якія “трэніраваліся” перад пачаткам дарослага жыцця”.
Бліжэйшая гнездавая калонія караваек знаходзіцца на поўдні Францыі, яшчэ больш птушак гняздуюць на поўдні Гішпаніі і ў паўднёва-усходняй Еўропы. Некаторыя арнітолагі мяркуюць, што больш сухое надвор’е на поўдні Гішпаніі прымушае некаторых птушак шукаць іншыя месцы гнездавання, часам далёка ад радзімы. З 1997 году некаторыя тыпова паўднёвыя віды чапляў зарэгістраваныя ў Вялікабрытаніі на гнездаванні ўпершыню: малая чапля (Egretta garzetta) (цяпер размнажаецца тут рэгулярна), чырвоная чапля (Ardea purpurea), чапля-лазянік (Ixobrychus minutus), і, канешне, вялікая белая чапля (E. alba) (якая працягвае паспяховую каланізацыю краіны).
Спроба гнездавання караваек не была адзіным цікавым выпадкам для тыпова паўднёвых відаў - сёлета адзначана таксама гнездаванне пары шчурак-пчалаедак на востраве Wight і як мінімум дзве пары хадулачнікаў размнажаліся ў Паўднёвай Англіі. Дагэтуль гэты стэпавы кулік гнездаваў у Вялікабрытані толькі спарадычна.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак каравайкі з www.galleryhip.com
На гэтую тэму:
Вялікая белая чапля ўпершыню загнездавала ў Вялікабрытаніі
Чырвоная чапля ўпершыню вывела птушанят у Вялікабрытаніі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ