Зразумела, што ў птушак (таксама) бывае па-рознаму. І калі ў большасці вясковых ластавак (Hirundo rustica) вывадкі даўно выляцелі і як мінімум некаторыя з іх вырашылі пайсці на другі заход, у некаторых, больш позніх, птушаняты толькі пачалі жыццё па-за родным гняздом.
Пачуць настойлівыя і галодныя крыкі гэтай моладзі ластавак з зараснікаў ясенелістнага клёна было нецяжка, да таго ж іх месцазнаходжання выдавалі белыя плямкі памёта на плітцы. Але варта прызнаць, што месца было зручнае - адкрытае толькі з аднаго боку і таму бяспечнае.
Птушанят было толькі трое - але для позніх вывадкаў, у якіх звычайна птушанят менш, гэта можа і не так дзіўна. Спачатку яны сядзелі шчыльна адно да аднаго, але з адной асаблівасцю. Адно з іх ад хітрасці, ці хутчэй наадварот, сядзела галавой у супрацьлеглы бок. Калі прыляталі дарослыя з ежай ці без, усе малыя крычалі, прыцягваючы да сябе як мага больш увагі бацькоў. Крычала і гэтае малое, але, зразумела, у свой бок, а яго хвост перашкаджаў двум іншым, бо выцягнуты як раз знаходзіўся каля іх галоваў)
Зразумела, што такое размяшчэне птушанят не магло працягвацца ўвесь час - адно з 'правільных' пераляцела, а праз некалькі спробаў дапрасіцца ежу побач з 'няправільным', пераляцела і другое.
Усяму трэба вучыцца - нават правільна прасіць есці)
27-07-2021, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 09.08.2021 - 10:48
Вопыт і назіранне -…
Вопыт і назіранне - найвялікшая крыніца мудрасці. Вопыт - настаўнік жыцця вечнага. Серыя здымкаў цікавая, але трохі перагружаная на мой погляд.
Harrier - 09.08.2021 - 16:51
In reply to Вопыт і назіранне -… by pva
Дзякуй! Уласныя здымкі - як…
Дзякуй! Уласныя здымкі - як дзеці) Калі нешта атрымалася, хочацца паказаць часам больш, чым можа і трэба было б.
pva - 10.08.2021 - 09:46
Я вас вельмі разумею…
Я вас вельмі разумею. Хочацца паказаць больш, каб было цікавей і зразумелей. І ў мяне ёсць звычка: сфатаграфаваўшы шмат сцэн, дзе ёсць няўдалыя фатаграфіі, шкадую іх выдаляць, захоўваю - можа калі спатрэбяцца ...