Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Калі не крапіўнік, дык зімародак)

зімародак

Пасля першых халодных начэй ужо можна было чакаць гэтага, але ўсё роўна яно адбылося нечакана. Я стаяў на беразе Нёмана і раптам, у некалькіх метрах ад мяне, затрашчаў крапіўнік (Troglodytes troglodytes). А потым пачаў памалу пералятаць паміж высокай прыбярэжнай расліннасцю і кустамі вярбы, і зноў трашчаў час ад часу. Я ўжо ведаў, што гэта азначае - прыйшоў час шукаць і выбіраць - пакуль ёсць магчымасць - зімовую тэрыторыю. Бліжэй да пачатку зімы практычна ўся берагавая лінія каля незамёрзлай вады падзелена паміж гэтымі птушачкамі і ў таго, хто вырашыць выбіраць першым або сярод першых, выбар велізарны. Але як даведацца, што месца яшчэ незанятае? Правільна, трэба абвесціць на ім сваю прысутнасць і найлепш зрабіць гэта гучна і адразу. Таму і трашчаў крапіўнік, як бы пытаючы - а ёсць тут хто? Ну а пакуль ёсць выбар, пералятаў няспешна і шукаў што падыйдзе найлепш і што ёсць сэнс бараніць ад іншых прэтэндэнтаў. 

І хаця гэтыя пералёты адбываліся ўсё бліжэй і бліжэй да мяне і я нават бачыў карычневага гнома з задзёртым дагары хвосцікам, сфатаграфаваць яго ўсё не атрымлівалася. Але нешта ўнутры ўнушала мне - пачакай яшчэ, не адыходзь. І я застаўся. Прайшло хвілін 5 і на адзін са шматлікіх валуноў у вадзе перад востравам села нейкая невялікая птушка. Да яе было метраў 15 і я не адразу зразумеў, што гэта... зімародак (Alcedo atthis)!

Вось дык сюрпрыз! Я на нейкі час забыўся пра няўлоўнага крапіўніка, тым больш ён перастаў трашчаць і стаў здымаць больш цікавы, і як аказалася, больш лёгкі аб'ект. Не было сумневу, што зімародак бачыць мяне, але не звяртае ўвагу. Магчыма таму, што я быў у камуфляжнай бундэсвераўскай куртцы і стараўся не рабіць рэзкіх рухаў. 

Прайшла можа хвіліна ці дзве і адбылося яшчэ больш нечаканае - зімародак пераляцеў і сеў на іншы валун, метрах у 5 ад мяне. Цяпер нас аддзяляла ад сябе толькі гэтая невялікая адлегласць і купіна зялёнай расліннасці. Хутчэй за ўсё калі б я трошкі пасунуўся ўбок і ўбачыў птушку адкрытай, яна б спалохалася б і адляцела. Але я знайшоў невялікі прасвет паміж вертыкальным лісцем і пачаў здымаць яго такім чынам. 

На гэтым валуне птушка прасядзела ўсяго некалькі секунд, узляцела, адляцела метраў 15 вышэй па плыні і завісла на вышыні каля 2 метраў над вадой яркім матылём. Там я ўжо не паспеў яго сфоткаць. Зімародак нырнуў і потым праляцеў міма мяне так хутка, што я не паспеў разабраць ці ён пусты, ці злавіў нешта невялікае. 

На гэтым наша сустрэча скончылася. Але тут зноў недалёка затрашчаў крапіўнік і ў гэты раз я нават паспеў яго зняць, хоць і здалёк)

Гродна, 02-10-2025

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі