Крумкачы ды сойкі

Вырашыў дадаць гэты выпадак у назіранні, хаця добрых здымкаў зрабіць не атрымалася.

Сення 19 кастрычніка 2012 адправіўся я па свайму звычайнаму маршруту. Перш-наперш пайшоў глянуць на свой міні эксперымент. З птушкамі ен не звязаны, але даволі цікавы. Пазаўчоры ў бабровай плаціне я зрабіў невялічкую адтуліну, каб высветліць ці жывуць яны яшчэ тут.

Злева на здымку бачны край так званага Макарава балота, а менавіта ўздоўж чыгункі цячэ ручай. Я заву яго Макараў.

Учоры плаціна заставалася не пачыненай. Але сення яна была як новая. Працавітыя бабры ўсе адрамантавалі. Наступным маім крокам будзе спроба сустрэчы з імі. А я іду далей. Не па-кастрычніцку спякотна. Неба па-летняму блакітнае. Знаходжу сляды лася. Па ім падымаюся на высокі насып чыгункі. Аглядаюся вакол. Далека над лугам летае канюх-мышалоў...

Яшчэ далей за ім заўважваю журавоў. Адзін клін я сустрэў учора, а гэты сення, шкада толькі што вельмі далека. На гэтым здымку я налічыў каля 190 птушах, хаця ўсе яны ў кадр не змясціліся.

Нажаль вольнага часу заставалася ўсе меньш. Я пакрочыў назад... і тут над галавой пачуў жалобны крык. Так, то была жаўна, але яна не хацела фатаграфавацца. Цікава, што ўжо не ў першы раз на гукі майго тэлефона жаўна рэагуе аднолькава. Наразае вакол мяне кругі, адляціць далей - пыкрычыць, падляціць бліжэй - сядзіць і прыслухоўваецца. І вось, нарэшце, фінальны акорд. На дубе я сустракаю дзвух соек. Вырашаю крыху пастаяць пад імі. Здымкі ўсе адно не атрымаюцца. Уключаю гукі соек, птушкі з крыкамі ўцякаюць і праз якую хвілінку вяртаюцца, цікавяцца хто ж там такі ўнізе. У гэты ж момант над лесам ляцяць крумкачы. Над палянкай, дзе сяджу я, яны чуюць гукі соек з майго тэлефона, раптоўна развярнаюцца і пачынаюць кружыцца па-над дубамі. Пры гэтым ўвесь час паглядваюць ўніз. Праз кругоў 5-6 яны адлятаюць.

Спачатку я падумаў, што гэта проста так саўпала. А потым зноў тое ж самае. Наступная група крумкачоў зрабіла такое ж. Яны леталі нада мной, глядзелі ўніз і "крумкалі"...

Так было тры заходы трох розных груп крумкачоў. Гэта стала для мяне цікавым назіраннем. Спадзяюся, што яно зацікавіць яшчэ каго-небудзь...

Каментары

Падобныя эксперыменты могуць быць вельмі цікавымі, але да іх добра падрыхтавацца тэарэтычна, бо без праўдападобнай інтэрпрэтацыі іх каштоўнасьць змяншаецца.

Думаю, што крумкачы цікавіліся крыкамі соек з-за магчымасьці дапамагчы драпежніку даесьці здабычу ці чалавеку прыбраць рэшткі яго ежы. Сойкі звычайна эмацыйна і гучна рэагуюць напатэнцыйных ворагаўі крумкачы пра гэта ведаюць.