Невялікі востраў Christiansø ў Балтыйскім моры – адно з найлепшых месцаў у Даніі для назірання цікавых відаў птушак. Менавіта тут за апошнія 35 год былі зарэгістраваныя такія рэдкасці, як егіпецкі ляляк (Caprimulgus aegyptius), чырвонахвосты салавей (Luscinia sibilans), Свэнсанаў дрозд (Catharus ustulatus), салавей-чырванашыйка (Luscinia calliope) і сібірская завірушка (Prunella montanella). Аднак 30 мая сюды заляцела сапраўдная рэдкасць!
Я прыплыў на востраў у 11.00 на лодцы, каб здзейсніць сваё штогадовае “я павінен знайсці нешта рэдкае, альбо мой водпуск прайдзе ніяк”.
Дзень аказаўся спякотным, і востраў акутвалі гарачыя выпарэнні. Праз нейкі час я змог знайсці спяваючую садовую чаротаўку (Acrocephalus dumetorum). Для Даніі гэта цікавая знаходка, таму я адразу патэлефанаваў сябру – які таксама знаходзіўся на востраве – каб паведаміць пра птушку. Хутка пасля гэтага я заўважыў невялікую птушку, якая рэгулярна паведамляла пра сябе незвычайным “djep”, троху падобным на пазыўку вусатай сініцы. У невялікім кусціку сядзела нейкая пячураўка. Жоўтае брыво (supercillium) і светлыя ногі спачатку схілілі мяне да меркавання, што гэта звычайная пячураўка-будаўнічок і я хутка вярнуўся да назіранняў садовай чаротаўкі. Як раз падыйшоў мой сябар, а пячураўка праляцела над намі і села на бліжэйшае дрэва.
“Нейкі дзіўны голас для пячураўкі-будаўнічка” – сказаў я яму. Сябар адказаў на гэта: “Гэта не можа быць пячураўка-будаўнічок!” Мы яшчэ раз паглядзелі на пячураўку і адзначылі вельмі доўгае і яркае брыво, якога не можа быць у нашых пячуравак. А птушка працягвала выдаваць сваю пазыўку і пазаставіла нас сканфужанымі – мы абодва добра ведаем пячуравак Заходняй Палеарктыкі, але гэтая не была дакладна падобная на ніводную з іх.
Праз некалькі хвілін пячураўка пачала спяваць! Песня нагадвала канаплянку ці леску-завірушку, што зусім павергла нас у шок.
Хутка да нас далучыліся яшчэ тры бёрдэры, але і яны не дапамаглі ў вызначэнні птушкі.
Пячураўка-талаўка (Phylloscopus borealis) і таўстадзюбая (Ph. schwarzi) былі хутка абмеркаваныя і адкінутыя як непасуючыя. І не мінула шмат часу, каб мы зразумелі, што наша птушка можа быць нечым вельмі-вельмі рэдкім. З-за таго, што мы лічылі сябе дасведчанымі бёрдэрамі ці з-за таго, што ў нас не было вялікіх амбіцый, ніўкога не аказалася з сабой літаратуры па рэдкіх для Даніі азіяцкіх пячураўках. Замест гэтага мы спрабавалі сфатаграфаваць птушку і запісаць голас. У мяне атрымалася зрабць некалькі аддаленых здымкаў галавы пячураўкі і я даслаў іх іншым бёрдэрам. Ніхто з іх не дапамог яе вызначыць акрамя таго, што яны адаслалі мае фоты далей і да вызначэння падключаліся ўсё новыя асобы. Ў адчаі я стаў успамінаць англійскія назвы азіяцкіх пячуравак і правяраць запісы іх песняў на Xeno Canto, калі нарэшце дапамога прыйшла!
Два маіх старых сябра-бёрдэра пасля прагляду здымкаў напісалі, штто гэта можа быць … індыйская пячураўка (Ph. griseolus)! Тады я ўспомніў, што і сапраўды наша пячураўка мае падобнае да індыйскай пячураўкі брыво, якое я бачыў пад час назіранняў у Індыі. Хуткая праверка песні на xeno-canto пацвердзіла гэта!
І хаця цяпер ніякіх сумневаў не павінна было застацца, я казаў сабе – “гэтага не можа быць –гэта, халера, немагчыма!” На шчасце, пячураўка і не думала хавацца і часта спявала да канца дня. Мы змаглі нават зрабіць добрыя здымкі і запісаць яе голас.
На наступны дзень новы для Заходняй Палеарктыкі від адзначылі яшчэ 25 бёдуочараў. У наступныя дні чакаецца яшчэ больш масавы рух людзей з оптыкай і рашучасцю дадаць у свой спіс новы цікавы від.
Паводле тэксту Sebastian’а Klein’а для www.club300.dk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.mikewatsonfoto.com
На гэтую тэму:
ТОП-10 САМЫХ НЕЗВЫЧАЙНЫХ РЭГІСТРАЦЫЙ ПТУШАК У ЗАХОДНЯЙ ПАЛЕАРКТЫЦЫ Ў 2015 ГОДЗЕ
У Заходняй Сахары адзначаны новы для Заходняй Палеарктыкі від птушак
Рэгістрацыі самых рэдкіх птушак Заходняй Палеарктыкі сабраныя пад адной вокладкай
Амерыканская чапля-кваква – новы від для Заходняй Палеарктыкі
Новы від для Заходняй Палеарктыкі – жоўтабрухі голуб
Другая рэгістрацыя шыфера-спінай чайкі ў Заходняй Палеарктыцы
У Спіс птушак Заходняй Палеарктыкі дадаўся новы від
Першы карычневы крывок у Заходняй Палеарктыцы
НАВІНЫ КЛУБА200: НОВЫ КААРДЫНАТАР АДНАЎЛЯЕ РАССЫЛКУ ПАВЕДАМЛЕННЯЎ ПРА ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ