Пераацэнка колькасці і статусу птушак на Зямлі: цяпер BirdLife прызнае 11.167 відаў, што на 742 больш, чым у 2014

каморская блакітная ванга Comoro Blue Vanga  (Cyanolanius comorensis)

Глабальная асацыяцыя BirdLife International адказвае за ацэнку статуса пагрозы знікнення для ўсіх відаў птушак ад імя Міжнароднага саюзу аховы прыроды (IUCN) для кожнага выдання Чырвонага спісу МСАП (IUCN Red List). Аднак каб зрабіць такую ацэнку, перш за ўсё трэба ведаць дакладна колькі відаў птушак існуе. Сёлетні перагляд павялічыў колькасць відаў на 742, і цяпер агульная колькасць птушак, якія жылі на Зямлі ў гістарычны час павялічылася да 11.167 відаў.

Каб лепш зразумець разнастайнасць птушак, навуковая каманда асацыяцыі BirdLife International як раз скончыла вялікае таксанамічнае даследаванне, пераглядаючы магчымы статус усіх відаў і многіх падвідаў птушак нашай планеты. Для гэта параўноўваліся даступныя біяметрычныя дадзеныя, адрозненні ў афарбоўцы, вакалізацыі, экалогіі, паводзінах, геаграфічным распаўсюджванні і генетыцы падвідаў, каб вылучыць сярод іх “сапраўдныя віды”.

Дзякуючы гэтаму атрымаліся хутчэй здзіўляючыя вынікі пра тое, што мы значна недаацэньвалі разнастайнасць авіфауны. Усяго падчас двух этапаў пераацэнкі статусу падвідаў (у 2014 і 2016 гг.) былі прызнаны паўнавартаснымі яшчэ больш 1000 відаў. Такім чынам, да 10.425 відаў з 2014 году дадаліся яшчэ 742  сёлета і агульная колькасць відаў птушак цяпер складае 11.167!

Усе новапрызнаныя відамі птушкі будуць апісаны і праілюстраваныя ў надыходзячай публікацыі, а менавіта ў другім томе “Ілюстраванага Спісу птушак Свету” (Illustrated Checklist of the Birds of the World Volume 2).

Новы від спяваючых вераб’іных – самы рэдкі ў Еўропе

блакітная стрынатка з Гран Канарыя

Пераацэнка колькасці відаў дазволіла сфакусавацца на некаторых новых прыярытэтах у ахове птушак. Адным з іх можа стаць блакітная берасцянка з Gran Canaria (Fringilla polatzeki), статус якой падвышаны да відавога і якая такім чынам становіцца самай рэдкай птушкай Еўропы, эндэмічнай для аднаго з астравоў Канарскага архіпелагу.

Раней новы від уключалі ў якасці падвіду ў блакітныя берасцянкі з Tenerife (Fringilla teydea). Аднак калі берасцянкі з Тэнерыфе параўнальна бяспечныя (маюць статус Near Threatened), берасцянкі з Гран Канарыя маюць вялікія праблемы, бо сасновыя лясы на востраве, у якіх яны жывуць, моцна пацярпелі ад пажараў. На сёння ацэнка колькасці блакітных берасцянак з Гран Канарыя не перавышае 240 асобін і новы від прызнаны сярод тых, якім пагражае знікненне (Endangered). Іншы від-эндэмік Еўропы – азорскі гіль (Pyrrhula murina) - у апошнія гады паказвае тэндэнцыю да павелічэння сваёй колькасці, таму, новы від берасцянак можа забраць у яго статус самага рэдкага для нашага кантынента.

Нешчаслівы тузін

Падчас таксанамічнага перагляду стутусу падвідаў, эксперты асацыяцыі таксама звярнулі ўвагу на музейныя скуркі тых птушак, якія ўжо зніклі. І атрымалася сумная карціна: 13 новаапісаных відаў з 742 ужо зніклі.

Усе з гэтага “нешчаслівага тузіна” былі астраўнымі эндэмікамі. І асноўнай прычынай іх знікнення можна лічыць інвазійныя віды інтрадуцэнтаў. Сярод гэтых новых, але ўжо зніклых відаў – белавочка Марыянна Marianne White-eye (Zosterops semiflavus) з Сейшэльскіх астравоў. Птушкі знклі яшчэ ў ХІХ стагоддзі – задоўга да таго, як людзі пачалі прымаць меры па ахове астраўнай фауны і змаглі захаваць іншых сейшэльскіх эндэмікаў.

Яшчэ адзін астраўны падвід, які быў прызнаны відам -  вогненная валасяніца з Сан Крыстабаля San Cristóbal vermilion flycatcher (Pyrocephalus dubius) вядомы перад усім тым, што стаў першым відам птушак, які ў гістарычны час знік на Галапагоскіх астравах. Упершыню апісаныя пад час кругасветнага падарожжа Чарльза Дарвіна ў 1835 г., гэтыя валасяніцы не назіраліся пасля 1987 г. Хутчэй за ўсё знікненне віду звязана з хуткім распаўсюджаннем на востраве Сан Крыстабаль інвазійных чужародных відаў раслін, якія выцяснілі з вострава большасць абарыгеннай расліннасці. Гэта пацягнула за сабой рэзкае змяншэнне даступных гэтаму насякомаеднаму віду мясцовых відаў клапоў. Да гэтага дадаліся птушыны грып, пацукі і авадні, якія, хутчэй за ўсё, і паставілі кропку ў існаванні гэтага эндэмічнага віду.

Шчаслівы тузін?

як раздзялілі піттаў

У самым незвычайным выпадку адзін “стары” політыпічны від – чырвонабрухая пітта Red-bellied Pitta (Pitta erythrogaster) з Паўднёва-Усходняй Азіі, была падзелена на 12 самастойных новых відаў. Вось яны: Red-bellied/Philippine Pitta (Erythropitta erythrogaster), Talaud Pitta (Erythropitta inspeculata), Sangihe Pitta (Erythropitta caeruleitorques), Siau Pitta (Erythropitta palliceps), Sulawesi Pitta (Erythropitta celebensis), North Moluccan Pitta (Erythropitta rufiventris), South Moluccan Pitta (Erythropitta rubrinucha), Papuan Pitta (Erythropitta macklotii), Louisiaide Pitta (Erythropitta meeki), New Britain Pitta (Erythropitta gazellae), Tabar Pitta (Erythropitta splendida) і New Ireland Pitta (Erythropitta novaehibernicae).

Прычыны такога падзелу падрабязна апісаны Найджэлам Коларам (Nigel Collar) у артыкуле, апублікаваным у часопісе Motherboard/Vice. Трынаццаты від, Sula Pitta (Erythropitta dohertyi), быў яшчэ раней вылучаны ў якасці паўнапраўнага з P. erythogaster, і замыкае самы маштабны сёлетні падзел.

Нават звычайныя віды маюць праблемы

стрынатка-рэмез

Часта звычайныя віды і называюцца звычайнымі, бо маюць вялікую колькасць і шырока распаўсюджаныя. Але гэта больш не так, напрыклад, для стрынаткі-рэмеза (Emberiza rustica). Від гняздуе ў забалочанай тайзе па ўсёй Паўночнай Еўразіі ад Нарвегіі да Японіі. Таму, магчыма, такі вялікі арэал уводзіў у зман навукоўцаў наконт бяспечнага статусу віда. Аднак сабраныя цяпер дадзеныя сведчаць пра іншае – з пачатку стагоддзя колькасць стрынатак зменшылася больш, чым на траціну. Акрамя праблем з інтэнсіфікацыяй лесанарыхтовак і лясной меліярацыяй у месцах гнездавання віду, на месцах зімоўкі адбываецца вялікамаштабны адлоў стрынатак для ежы. Таму статус віда ў Чырвоным спісе-2016 падвышаны з Least Concern (выклікае найменшы непакой) да Vulnerable (Уразлівы).

Не для ўсіх папугаяў кепскія навіны

чатамскі папугай

У апошнія некалькі гадоў вельмі папулярны гандаль і ўтрыманне ў няволі розных відаў папугаяў з Азіі і Афрыкі прывёў да амаль поўнага знікнення многіх з іх. Аднак ёсць і добрыя прыклады, якія пакідаюць надзею на лепшае: на астравах Чатам (Chatham Islands), якія знаходзяцца на ўсход ад Новай Зеландыі, мясцовы папугай-эндэмік вяртаецца з мяжы знікнення.

Чатамскі папугай Chatham Parakeet (Cyanoramphus forbesi) меў статус віда, якому пагражае знікненне (Endangered) амаль дваццаць апошніх гадоў. Пагрозы сыходзілі не толькі ад знішчэння месцапражывання віда, не толькі ад інвазійных чужародных драпежнікаў, але таксама ад гібрыдызацыі з іншым відам папугаяў.  

Гэты від – чырвонашапачны папугай (Cyanoramphus novaezelandia), які таксама сустракаецца на астравах. Але цярплівы і асцярожны менаджмэнт папулыцый абодвух відаў, які працягваюць мясцовыя групы ахоўнікаў прыроды, дазволіў паменшыць пагрозы і палепшыць сытуацыю настолькі, што чатамскі папугай атрымаў менш пагражаемы статус: Уразлівы (Vulnerable) замест Пагражаемага (Endangered).

Коратка ўсе прыродаахоўныя статусы IUCN тлумачацца наступным чынам:

Extinct (EX) – невядомыя жывыя асобнікі (як мінімум апошнія 100 год).

Extinct in the wild (EW) – вядомыя толькі асобнікі, якія жывуць ва ўмовах няволі, або якія як натуралізаваная папуляцыя існуюць па-за гістарычнымі межамі распаўсюджання.

Critically endangered (CR) – Вельмі вялікая рызыка знікнення ў прыродзе.

Endangered (EN) – Высокая рызыка знікнення ў прыродзе.

Vulnerable (VU) – Высокая рызыка стварэння пагрозы знікнення ў прыродзе.

Near threatened (NT) – Могуць стаць знікаючымі (EN) ў бліжэйшай будучыні.

Least concern (LC) – Невялікая рызыка існаванню. Звычайна ў гэтую катэгорыю трапляюць шырокараспаўсюджаныя і(або) віды з вялікай колькасцю.

Data deficient (DD) – Не хапае дадзеных для правядзення ацэнкі рызыкі знікнення.

Not evaluated (NE) – Ацэнка паводле крытэрыяў яшчэ не праводзілася. 

 

Паводле www.birdlife.org (тэкст, здымкі і малюнкі) і www.iucn.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На верхнім фота Paul’а van Giersbergen’а  - каморская блакітная ванга Comoro Blue Vanga  (Cyanolanius comorensis) - адзін з 742 новаапісаных сёлета відаў птушак. Мае статус Endangered.

 

 

На гэтую тэму:

Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

 МСАП (IUCN) ПРАПАНУЕ НАРЭШЦЕ СКЛАСЦІ ЧОРНЫ СПІС ІНВАЗІЙНЫХ ВІДАЎ

 Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

 Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення

ЯК НЕ СТРАЦІЦЬ ДРОНТА ЯШЧЭ РАЗ: ГІСТОРЫЯ ПРА ЯГО ВЫНІШЧЭННЕ І ЗНАХОДКІ

З’явіўся першы чалавек, які бачыў больш 9000 відаў птушак!

НАВУКОЎЦЫ ЗНАЙШЛІ, КАЛІ АДБЫЎСЯ “ВЯЛІКІ ВЫБУХ” РАЗНАСТАЙНАСЦІ Ў ПТУШАК