Зязюлі запалохваюць птушак, якім падкінулі свае яйкі

звычайная зязюоя

Дзякуючы новым даследаванням, мы ўсё больш даведваемся пра канкрэтныя механізмы, якія дапамагаюць звычайнай зязюлі (Cuculus canorus) (а магчыма і не толькі ёй) паспяхова быць гнездавым паразітам. Аказалася, што пасля адкладкі свайго яйка ў гняздо прыёмных бацькоў, самка зязюлі крычыць, імітуючы голас шуляка-карагольчыка (Accipiter nisus) і тым самым страшыць іх, каб мець час адляцець незаўважанай.

Рэзкі і гучны гук самка зязюлі выдае перад тым, як зляцець з гнязда прыёмных бацькоў свайго яйка адразу пасля яго падкідвання. Навукоўцы прапанавалі гіпотэзу, якая тлумачыць сэнс такіх паводзін тым, што зязюля такім чынам запалохвае патэнцыйных бацькоў як раз перад тым, як адляцець з іх гнязда. Тым самым яна павялічвае шанцы на тое, што падкінутае ёй яйка не будзе знойдзенае і выкінутае імі.

Каб праверыць гэта, даследчыкі прайгравалі трысняговым чаротаўкам голас самца і самкі звычайнай зязюлі, шуляка-карагольчыка і выпадкова абранага бяспечнага для вераб’іных віду (напрыклад, кольчатай туркаўкі). Не гледзячы на тое, што голас самкі зязюлі гучаў як “квік-квік-квік”, а не як голас шуляка-карагольчыка “кіі-кіі-кіі”, абодва голаса былі вельмі падобныя і чаротаўкі рэагавалі на іх падобным чынам - яны адцягвалі ўвагу бацькоў ад іх кладак. На голас самца зязюлі і бяспечных птушак чаротаўкі не рэагавалі.

Каб праверыць больш дакладна магчымую прычыну такой рэакцыі на голас самкі зязюлі, навукоўцы вырашылі праверыць рэакцыю на яго сініц – птушак, якія гняздуюць у дуплах і зязюлі не маюць фізічнай магчымасці падкінуць ім свае яйкі. Аказалася, што голас самкі зязюлі таксама непакоіў іх. Тады была зроблена выснова, што і віды-патэнцыйныя прыёмныя бацькі зязюляў і іншыя вераб’іныя, якія недаступныя ім для гнездавога паразітызсу, блытаюць голас зязюлі з голасам шуляка-карагольчыка.

Такім чынам, як кажуць навукоўцы “Нашы вынікі паказваюць, што самкі зязюлі паспяхова маніпулююць небяспекай для дарослых птушак, якім падкідваюць свае яйкі. Поспех гнездавога паразітызму павялічваецца, бо патэнцыйныя прыёмныя бацькі вымушаныя думаць аб сваёй бяспецы і менш увагі могуць звяртаць на сваю кладку. Як вынік, зязюля “смяецца апошняй” у такіх выпадках”.

Крыніца:

York, J E, and Davies, N B. 2017. Female cuckoo calls misdirect host defences towards the wrong enemy. Nature Ecology & Evolution. doi:10.1038/s41559-017-0279-3

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак зязюльчыня на гняздзе балотнай чаротаўкі Сяргея Чарапіцы

 

На гэтую тэму:

Як балотныя чаротаўкі Птушку году выкармілі

Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO

Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела

Гнездавыя паразіты і гаспадары: хто каму дапамагае?

Зязюлі мімікруюць пад шулякоў

Як некаторыя птушкі паспяхова выкарыстоўваюць метады мафіі