У перадачы "Беларуская Атлянтыда" (радыё Свабода) Вячаслаў Ракіцкі гутарыць на тэму "Птушкі ў духоўнай культуры беларусаў" з фальклярысткай Ліяй Салавей. "З далёкіх часоў, калі людзей на зямлі было мала, а іншых жывых істотаў было шмат і жылі яны побач, чалавек асабліва пільна назіраў, углядаўся ў птушак, якімі захапляўся і якім зайздросьціў: тыя вольна ляталі ў небе над зямлёю і воднымі прасторамі, насялялі недаступныя для чалавека месцы — далёкія выспы, крутыя горы, топкія балоты.
Крылы давалі птушкам хуткасьць і свабоду перамяшчэньня. Нездарма ў народнай мове склалася параўнаньне — вольны, як птах. Гэта сьвет мрояў. А як складваліся ўзаемаадносіны чалавека з птушыным сьветам у штодзённым жыцьці?”
(Лія Салавей: ) “Птушкі давалі старажытнаму чалавеку спажыўную ежу — яйкі. Дый самі былі аб’ектам паляваньня, прытым часам літаральна ратавалі людзей ад галоднай сьмерці, як пра гэта паведамляецца ў Бібліі. Нагадаем, калі габрэі пасьля ўцёку з Эгіпту блукалі па пустэльні й нічым не маглі пажывіцца, то згаладалыя, яны ў адчаі былі гатовыя да бунту і братазабойства. Тады Госпад паслаў ім вялікую стаю перапёлак, якія, змораныя пералётам, упалі на зямлю — бяры іх голымі рукамі. Людзі насмажылі пташыны, падмацаваліся, жыцьцё вярнулася ў мірныя каляіны. Наагул, людзі так зацята палявалі на птушак, што асобныя віды былі цалкам вынішчаныя”.
(Ракіцкі: ) “Важнае значэньне птушак для старажытнага чалавека не выклікае сумненьняў. А як адбілася судакрананьне чалавека са сьветам птушак у традыцыйнай культуры, у пакінутай нашымі продкамі духоўнай спадчыне?”
(Салавей: ) “У духоўнай культуры індаэўрапейцаў сьвет птушак знайшоў багатае і разнастайнае міталягічнае адлюстраваньне, магічнае выкарыстаньне, асэнсаваньне ў экалягічным пляне, эстэтычным і сымбалічным аспэктах. Асаблівасьці біялёгіі многіх птушак, іх вонкавы выгляд ды галасы знаходзілі тлумачэньне ў этыялягічных паданьнях-мітах, у адпаведнасьці зь якімі выпрацоўваўся і падзел птушак на “чыстых”, “нячыстых” і “так сабе”, якіх баяліся і шанавалі.
Птушак, паходжаньне якіх вялося ў народных паданьнях ад людзей ці нават анёлаў, як гэта бачым на прыкладзе бусла, шанавалі й ахоўвалі, а то і сялілі побач са сваім жытлом. Пазьней такімі птушкамі сталі шпак, сініца, але паводле іншых меркаваньняў. Асаблівай павагай у беларусаў карыстаўся белы бусел, якому будавалі аснову для гнязда — бусьлянкі. Яго лічылі ахоўнікам жытла ад Перуна, узорам суладнага сямейнага жыцьця, вешчуном вясны. Паводле колераў апярэньня — белы з дадаткам чырвонага і чорнага — бусел жывы носьбіт нацыянальнай сымболікі колераў, характэрнай для беларускага нацыянальнага строю”.
(Ракіцкі: ) “Вось адна з легендаў пра паходжаньне бусла:
“От раз Бог падазваў к сабе чалавека й даў яму завязаны гаршчочак, у якім было сабрана ўсё плюгаўства — гадзюкі, жабы, мышы. “На, — кажа, — занясі гэты гаршчочак і ўкінь у мора; толькі, глядзі, не разьвязвай”. Прыйшоў чалавек да гасподы і пачаў зьбірацца ў дарогу: узлажыў чыстую белую сарочку, абуў новыя лапці й апрануў чорную сьвіту. — Куды ты зьбіраесься? — пытае жонка. — А ось, — кажа, — пасылае Бог занесьці гэты гаршчочак і ўкінуць у мора. — А што у ім такое? — Ня ведаю. — Давай паглядзім. — Бог вялеў не разьвязваць, — кажа чалавек. Жонка паклала чалавека спаць, а калі той заснуў, разьвязала сама. А адтуль і выскачылі ўсялякія гадзюкі, яшчаркі й жабы. Спалохалася баба, нарабіла крыку. Прахапіўся чалавек да так босы, у белай сарочцы, толькі накінуўшы на плечы чорную сьвіту, давай зьбіраць тую нечысь. Зьбіраў, зьбіраў — нічога ня зробіць. А ось прыходзіць Бог і кажа тым людзям: вы выпусьцілі гадаў, вы й зьбірайце іх. І абярнуў Бог тых людзей у буськоў. От адкуль узяліся буслы”.
Тое, што нашыя продкі амаль абагаўлялі бусла, сьведчыць аб іх мудрасьці. Магчыма, яны ведалі пра бусла нашмат болей, чым мы сёньня?”
(Салавей: ) “Узяць хоць бы бусьліны вырай. Зь Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, Усходняй Нямеччыны яны ляцяць наўпрост на поўдзень (іх зьбіраецца разам да дзьвюхсот тысяч асобінаў), вузкафрантальнай чарадою пралятаюць над Басфорам, над захадам Малой Азіі, перасякаюць Суэцкую затоку, трапляюць у Эгіпэт, нібы злучаючы сваім візытам старажытныя цэнтры міжземнаморскай цывілізацыі. Уздоўж даліны Нілу вандруюць па Афрыцы. А потым, дакладна ў тэрмін, да веснавога раўнадзенства, вяртаюцца дадому, на свае родныя бусьлянкі. Робяць гэта параю, якой аднойчы злучыліся на ўсё жыцьцё”.
(Ракіцкі: ) “У прынцыпе, буслы праводзяць палову свайго жыцьця ў цёплых краях, а палову ў Беларусі. Вы сказалі, што для іх родныя беларускія бусьлянкі. Дык дзе іхная радзіма? У Афрыцы я чуў, што гэта іхная птушка…”
(Салавей: ) “Не. Яны плодзяцца, выводзяць сваіх птушанят толькі ў Беларусі і ў суседніх краінах. А ў Афрыку ляцяць на зіму. Таму радзімай можна сьмела лічыць беларускія абшары”.
(Ракіцкі: ) “І яшчэ адно пытаньне пра бусла: чаму нараджэньне дзяцей фальклёр зьвязвае з буслом?”
(Салавей: ) “Буслы сяліліся побач з хатамі. Дзеці, якія ўвесь час назіралі за гэтымі птушкамі, бачылі, што буслы заўсёды нешта нясуць у сваё гняздо — ці то шчэпку якую, галінку, ці то вужа, жабу, якая трапечацца ў дзюбе. Натуральна, дзеці лёгка могуць паверыць у тлумачэньне, што іхнага браціка ці сястрычку прынес бусел”.
(Ракіцкі: ) “Яшчэ адна птушка вельмі характэрная для Беларусі ўжо прынамсі таму, што зь ёю зьвязаны цэлы шэраг паданьняў, забабонаў, прыкметаў — зязюля. Прыкладам, калі зязюля кукуе, дык будуць грошы. У энцыкляпэдычным слоўніку “Беларуская міталёгія” занатавана аж восем міталягічных сюжэтаў пра паходжаньне зязюлі”.
(Салавей: ) “Шматлікасьць міталягічных аповедаў пра паходжаньне зязюлі выкліканая незвычайнасьцю, нават таямнічасьцю птушкі, якая ня робіць гнязда, не гадуе птушанят, а падкідвае яйкі ў чужыя гнёзды. Гэта будзіла фантазію людзей. Склалася ўяўленьне, што гэтая птушка — вечная ўдава, ня мае сабе пары, спарваецца то зь ястрабам, то зь пеўнем, нават з вужом. Ва ўсіх варыянтах паданьняў гаворыцца, што зязюля некалі была жанчынай, што гэта — перавернутая жанчына.
“Быў брат бедны і сястра дужа багатая. Пайшоў брат да сястры, каб чым памагла, памілавала. А сястра скупая была, сказала, што ключы ад клеці згубіла. І стала яна нібы шукаць ключы, а брат стаяў, стаяў пад вакном, чакаў, чакаў і нарэшце ня вытрымаў і пайшоў. На дарозе паваліўся, памёр з голаду. Сястра адумалася, стала клікаць брата: “Якуб, Якуб, вярніся, ключы знайшліся!” За сваю скупасьць яна стала зязюляй і цяпер увесь час кліча: “Якуб, Якуб!” Толькі чуваць: “Ку-ку! Ку-ку!”
(Ракіцкі: ) “Кукуе самец ці самка?”
(Салавей: ) “Кукуе самчык, а зязюлька-самачка толькі адказвае ім глухім квохканьнем. Складаецца ўражаньне, што нехта галосіць, плача”.
(Ракіцкі: ) “Мы ўвесь час згадваем, што з птушкамі ў нашых продкаў зьвязваліся многія павер’і, варожбы, прадказаньні надвор’я і ўрадлівасьці, некаторыя магічныя дзеяньні й тлумачэньні сноў. Відаць, нашыя продкі надзялялі птушак звышнатуральнымі якасьцямі?”
(Салавей: ) “Сапраўды, людзі заўважалі, што птушкі вельмі дакладна рэагуюць на зьмены ў атмасфэры, па іх можна прадказваць надвор’е на найбліжэйшы час. Птушкі — выдатныя навігатары: галубоў выкарыстоўвалі як жывых паштароў, птушкі былі вестунамі для мараходаў. Да рэальных асаблівасьцяў птушак дадавалася шмат фантастычнага, чарадзейнага, што зьяўляецца заканамерным пры панаваньні міталягічнай сьвядомасьці”.
(Ракіцкі: ) “Чым пагражала аднясеньне птушак да той ці іншай групы, да “чыстых” ці “нячыстых”? Як гэта адбівалася на лёсе пэўнага віду?”
(Салавей: ) “Міталягічнае абгрунтаваньне стаўленьня да пэўных птушак вельмі ўплывала на іхнае жыцьцё, бясьпеку. Добрыя ці “чыстыя” птушкі — галубы, ластаўкі, жаўранкі, буслы, жоравы, салаўі — былі пад аховаю паданьня, іх нельга было забіваць, трывожыць, разбураць іхныя гнёзды. Нядобрыя ж птушкі — вароны, чорныя буслы, каршуны, сарокі, совы, сычы, вераб’і, удоды, а разам зь імі й карысныя кажаны — ніякай аховы ня мелі, да іх часам ставіліся вельмі жорстка. “Нячыстым” птушкам прыпісваліся грахі, якіх яны ня мелі, прыкладам, яны прыносяць дрэнныя навіны. Пра амаль поўнае зьнікненьне лебедзяў — прыгожых і даверлівых птушак, сымбаляў чысьціні, адданасьці — існуе міт, які тлумачыць трагедыю гордай птушкі зьбегам акалічнасьцяў, а не паляваньнем на яе чалавека.
“Бог ведаець, калі гэта было: строіў сабе Яной кальчэг, — як затопу Бог насылаў. І прыказаў Яной сабраць у кальчэг усіх зьвяроў, усіх пціц, усякую скаціну. Ну і сабраліся, а лебедзь адзін — Страцім зваўся па іменьню: “Я, — кажэць, — не пайду ў кальчэг, я спраўлюся з вадой, усю ваду абплыву”. Багатыр сільны быў. Ну. І паплыў. І плаваець. Стала затопа. Некуды астатнім птушкам падзецца. А Страцім плаваець сабе. Вот тыя птушкі ляталі, ляталі да к яму, ды на яго панасядалі. Дык покуль садзіліся на сьпіну, дык нічога, а то і на дзюбку сталі садзіцца. Ну, як панасядалі на дзюбку, ён носам у ваду — і затапіўся. З тых пор і перавёўся”.
(Ракіцкі: ) “І сёньня людзі вераць у шматлікія прыкметы, зьвязаныя з птушкамі: што зязюля кукуе на грошы, ластаўкі лятаюць нізка — пойдзе дождж. Дзеці вераць, што буслы прыносяць дзяцей. І ў гэтым нібыта і сэнс ёсьць: зьнікаюць буслы — пакідае нараджальнасьць… Дык ці зьмяніліся прынцыпова ўяўленьні сучаснага чалавека пра птушак?”
(Салавей: ) “І так, і не. Традыцыйная культура захоўвае тыя нормы адносінаў да птушак, якія былі. А сучасныя, урбанізаваныя людзі, традыцыйных каштоўнасьцяў не заўважаюць. Адносіны да птушак фармуюцца новым узроўнем — неабходная экалягічная раўнавага, неабходна захоўваць прыроду. Прэвалюе рацыянальны пачатак. А разам з тым, зьмяніліся ўмовы жыцьця. Так, мэліярацыя выклікала і зьмены ўмоваў, у якіх жывуць птушкі. А таму некаторыя віды зьнікаюць. У гарадах мы ня бачым ластавак. Зьмяніліся і ўмовы пражываньня вераб’ёў, якія былі вельмі прыстасаваныя да саламяных стрэхаў, да хлявоў, дзе яны знаходзілі сабе корм. Таму чалавек сёньня павінен прыкладаць як мага болей намаганьняў, каб у новых умовах усё ж захаваць тыя добрыя пачаткі, якія нашыя продкі ў адносінах да жывой прыроды, у тым ліку і да птушак, заклалі раней”.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ