Чым далей ад экватара, тым хутчэйшы тэмп жыцця жывёл. Птушкі з больш высокіх шырот хутчэй становяцца дарослымі, хутчэй пачынаюць размнажацца і не жывуць так доўга, як блізкія віды бліжэй да экватару. Магчыма, што адной з прычын гэтага ёсць сезонная даступнасць рэсурсаў. Новае даследаванне амерыканскіх арнітолагаў упершыню паказала, што падобная залежнасць таксама датычыцца развіцця пер’я – паўночныя птушкі заканчваюць сваю ліньку хутчэй.
Райан Тэрыл (Ryan Terrill) з універсітэту штата Луізіана (ЗША) на аснове музейных скурак птушак чатырох амерыканскіх відаў птушак, арэал якіх працягваецца з Паўночнага ў Паўднёвае паўшар’е праверыў хуткасць росту пер’яў. Пад час штогадовай лінькі з-за невялікай розніцы паміж ростам пяра ўдзень і ўначы на ачыне застаюцца добра бачныя палоскі, якія адлюстроўваюць “прырост” пяра за суткі. Мераючы працягласць гэтых палосак, Тэрыл змог параўнаць тэмп роста пер’еў у тых самых відаў бліжэй і далей ад экватара. Такім чынам атрымалася, што ў птушак таго ж віду з больш высокіх шыротаў пер’е пад час лінькі расце хутчэй.
Аўтар публікацыі прапанаваў два магчымых тлумачэнні: для тых птушак, якія жывуць далей ад экватара, існуюць сезонныя змены ў доступе да ежы – таму там птушкі вымушаныя ліняць хутчэй, каб мець для гэтага неабходныя рэсурсы. Другое магчымае тлумачэнне не настолькі простае. Справа ў тым, што птушкі “з поўначы” маюць тэндэнцыю “укладваць” вельмі многа ў размнажэнне, таму хуткі рост пер’я пад час лінькі дазваляе мець яго горшай якасці, але хутчэй, бо яно можа спатрэбіцца для працяглай міграцыі.
Пітэр Пайл (Peter Pyle), эксперт лінькі птушак з Institute for Bird Populations дадаў: "Большасць аспектаў лінькі птушак – за выключэннем парадку замены пер’яў – звычайна даволі пластычная рэч. Час, месца і працягласць лінькі можа хутка адказваць на ўмовы ці змены ў навакольным асяроддзі, тым больш гэтыя паказчыкі могуць адрознівацца ў птушак з розных “шыротных” папуляцый, якія могуць быць пералётнымі або аселымі.
Аднак наша разуменне стратэгій лінькі птушак збольшага застаецца невялікім і неабходна дадатковае іх вывучэнне. Публікацыя, якую мы разглядаем, паказвае, што таксама можа адрознівацца і хуткасць росту пяра і птушкі з экватарыяльных папуляцый дэманструюць больш павольныя тэмпы лінькі ў параўнанні з тымі, якія паходзяць з высокіх шырот. Вельмі магчыма, што гэта звязана з менш інтэнсіўным агульным метабалізмам у экватара”.
Крыніца:
Terrill, R S. 2018. Feather growth rate increases with latitude in four species of widespread resident Neotropical birds.The Auk 135(4):1055-1063. DOI: https://doi.org/10.1642/AUK-17-176.1
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.bbevs.com.au
На гэтую тэму:
Інвазійныя расліны змяняюць колер пер’я дзятлаў
Расследаваць злачынствы супраць дзікіх птушак стане лягчэй
Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК
Адлятаць ці заставацца на зіму "вырашае" генатып птушкі?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ