Людзі елі эпіорнісаў на Мадагаскары насамрэч нават 10500 гадоў таму

Аналіз костак эпіорніса, знойдзеных у 2009 годзе ў цэнтральнай частцы Мадагаскара паказаў, што насамрэч людзі былі на востраве задоўга да таго, што меркавалася раней і гэты час адсоўваецца ў мінулае ажно на 6 тысяч гадоў! Сумна, што ўжо тады яны забівалі самых вялікіх на Зямлі птушак.

 

Каманда навукоўцаў, якой кіравалі прадстаўнікі Лонданскага заалагічнага таварыства ZSL (Zoological Society of London) пад час агляду некалькіх костак т.зв. слановых птушак (Aepyornis & Mullerornis) знайшла, што сляды ад парэзаў і іншыя штучныя паглыбленні на іх паверхні можна растлумачыць толькі як вынік палявання і раздзелкі мяса забітых птушак. Выкарыстоўваюччы радыёугляродны метад датавання арганічных парэшткаў, атрымалася ўсталяваць узрост знойдзеных костак – ім 10.500 гадоў.

 

Гэта павялічвае час знаходжання людзей на Мадагаскары як мінімум на 6 тысяч гадоў, бо ранейшыя даследаванні археолагаў і знойдзеныя косткі з’едзеных людзьмі лемураў казалі толькі пра ўзрост артэфактаў у 2400-4000 гадоў. Сляды ад раздзелкі эпіорніса цяпер - найбольш старыя вядомыя нам сведчанні прысутнасці старажытнага чалавека на востраве.

 

Галоўны аўтар публікацыі д-р Джэймс Гансфорд (Dr. James Hansford) з Інстытуту заалогіі пры ZSL сказаў: "Мы ўжо ведалі раней пра мадагаскарскую мегафауну: слановых птушак, бегемотаў, гіганцкіх чарапах і лемураў якія зніклі менш, чым тысячу гадоў таму. Існуе некалькі тэорый, якія спрабуюць растлумачыць як і чаму гэта адбылося, але ўдзел у гэтым знікненні чалавека застаецца не вельмі зразумелым.

 

Наша даследаванне знайшло сведчанні таго, што чалавечая дзейнасць на Мадагаскары распачалася як мінімум на 6 тысяч гадоў раней, чым меркавалася дагэтуль. Але гэта таксама кажа пра неабходнасць стварэння радыкальна іншай тэорыі, якая б магла растлумачыць вялізнае змяншэнне біяразнастайнасці на востраве. Калі людзі змаглі пражыць тут каля 9 тысяч гадоў з прыкладна 10 тысяч з мінімальна негатыўным уздзеяннем на слановых птушак і іншыя віды, якія зараз не існуюць, мы павінны перагледзець нашы ўяленні на гэты конт”.

Сааўтарка ў даследаванні і публікацыі праф. Патрыцыя Райт (Patricia Wright) з універсітэту  Stony Brook сказала: "Гэтае адкрыццё значна адсоўвае час першага прыбыцця чалавека на востраў. Цяпер мы ведаем, што на прыканцы апошняга ледавіковага перыяду група людзей, якія выкарыстоўвалі толькі прылады з камня, прыплыла на Мадагаскар. Мы не ведаем іх паходжанне і яшчэ не знайшлі іншыя сведчанні іх прысутнасці, аднак мы ведаем, што ў сучасных мальгашэй няма слядоў у генах ад гэтых першых насельнікаў вострава. Таму пытанні пра тое, адкуль з’явіліся тыя людзі і чаму і як яны потым зніклі, застаюцца без адказаў”.

 

Крыніца:

J. Hansford el al., "Early Holocene human presence in Madagascar evidenced by exploitation of avian megafauna," Science Advances (2018). advances.sciencemag.org/content/4/9/eaat6925

 

На здымку: Сляды выкарыстання каменнага нажа на аснаванні цэўкі сведчаць пра аддзяленне з яго дапамогай пальцаў эпіорніса, фота Zoological Society of London

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Навукоўцы знайшлі метад атрымаць ДНК са шкарлупіння яек вымерлых відаў птушак

Сучасныя метады паправілі ўяўленні пра вынішчэнне аўстралійскай мегафауны

Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі

Вызначаныя ўсё віды моа

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК

Як не страціць дронта яшчэ раз: гісторыя пра яго вынішчэнне і знаходкі