Бойкія самцы птушак хутчэй знаходзяць сабе партнёрак і праводзяць з імі больш часу

Даследчыкі з кафедры заалогіі Оксфардзкага ўніверсітэту (Вялікабрытанія) паказалі на прыкладзе вялікіх сініц (Parus major), што больш агрэсіўныя самцы не толькі хутка знаходзяць сабе самак, але і ствараюць з імі больш моцныя адносіны. Аказалася, што “ціхія” самцы маюць іншую стратэгію утварэння пары.

Больш бойкія і актыўныя самцы хутчэй знаходзяць будучую партнёрку, а таксама больш “укладваюць” у падтрыманне адносін з ёй перад пачаткам гнездавання. “Ціхія” самцы менш схільныя да фармавання моцных адносін у пары і больш часу праводзяць у групах з самкамі.

Д-р Джош Фірф (Dr. Josh Firth), які ачольваў даследаванне, сказаў: "Знайсці адпаведнага партнёра для размнажэння вельмі важна для гэтага віду – таксама як і для большасці відаў жывёл. Мы ж хацелі зразумець, чаму некаторыя асобіны таго ж віду ўкладваюць нашмат больш іншых ва ўтварэнне пары і яе існаванне”.

Каб адсочваць індывідуальныя паводзіны птушак, на іх былі размешчаны спецыяльныя радыё-меткі, якія счытваліся па ўсяму лесу Wytham на працягу некалькіх гадоў і дазвалялі даведацца пра перамяшчэнні індывідуальных птушак і іх узаемадзеянні.

Д-р Фірф дадае: "Мы ўбачылі, што персанальныя якасці граюць вялікую ролю ў тактыцы фармавання пары. Актыўныя самцы прысвячаюць абранай партнёрцы шмат часу яшчэ да пачатку гнездавання, тады як менш актыўныя самцы выбіраюць альтэрнатыўную тактыку – яны “перабіраюць” шмат самак да самага пачатку гнездавання”.  

Аднак чаму адбор падтрымлівае існаванне самцоў абодвух тыпаў? Хутчэй за ўсё справа ў тым, што ў адных сацыяльных умовах лепш быць вельмі актыўным і хутка знайсці партнёрку, тады як у іншым сацыяльным акружэнні больш працяглы выбар мае свае перавагі.  

Навукоўцы спадзяюцца,што знойдзеныя імі заканамернасці могуць быць пацверджаныя і на іншых відах птушак.

Крыніца:

Josh A. Firth et al, Personality shapes pair bonding in a wild bird social system, Nature Ecology & Evolution (2018). DOI: 10.1038/s41559-018-0670-8



Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц

Самцы сініц выбіраюць за суседзяў падобных сабе характарам

Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў

Страта аднаго з бацькоў амаль не застаўляе шанцаў выжыць птушанятам сініц

Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям

"ФАЛЬШЫВАЯ КАРОНА" МОЖА ПАДМАНУЦЬ ТОЛЬКІ НЕЗНАЁМЫХ