Сотні відаў цімеліевых праверылі пад “генетычнай лупай”

Адно з самых вялікіх “сборных” сямействаў вераб’іных птушак, у якое фармальна ўключаюць больш за 450 відаў вераб’іных пераважна Старага свету, было праверана на філагенію з дапамогай сучасных генетычных метадаў. Дзякуючы атрыманым вынікам, навукоўцы прапанавалі істотныя змены ў сістэматыцы гэтай групы.

 

Выкарыстоўваючы секвеніраванне ДНК 402 з 452 відаў, міжнародная каманда даследчыкаў з Кітая, Швецыі, Даніі, Швейцарыі і ЗША змагла прааналізаваць эвалюцыйныя ўзаемасувязі паміж імі. Многія з правераных відаў ніколі не даследаваліся сучаснымі генетычнымі метадамі і на сённяшні дзень гэта самае маштабная праверка філагеніі групы Timaliidae.

Паводле генатыпаў, было вылучана 7 асноўных груп цімеліевых, першыя прадстаўнікі якіх пачалі адасабляцца адзін ад аднаго паміж 18 і 20 мільёнамі гадоў таму ў міяцэне. Знойдзеныя адрозненні настолькі вялікія, што аўтары даследавання прапануюць лічыць гэтыя групы відаў асобнымі сямествамі. Адно з прапанаваных сямействаў - Alcippeidae, аб’ядноўвае невялікую групу відаў з адзінага роду Alcippe – невялікіх, карычневых і шэрых колераў цімеліевых з паўднёвай Азіі. Адно з вялікіх сямействаў Лескавыя (Sylviidae) прапанавана раздзяліць на два: меншае памерам Sylviidae і новае, Paradoxornithidae, таму што іх прадстаўнікі пачалі адасаблівацца 19,5 мільёнаў гадоў таму.

Акрамя гэтага, былі знойдзены дагэтуль невядомыя сувязі і адрозненні паміж відамі, якія дазволілі выявіць некалькі дагэтуль невядомых, “скрытых” відаў. Адзін з відаў, кольчатая юхіна White-collared Yuhina, з-за сваёй старажытнасці і адасобленасці было прапанавана вылучыць у асобны новы род - Parayuhina.

Большасць прадстаўнікоў цімеліевых насяляюць паўднёвую Азію, аднак многія віды распаўсюджаны ў Афрыцы. У Еўропе група прадстаўлена параўнальна невялікай колькасцю відаў – гэта, напрыклад, розныя віды лесак. Толькі адзін від – крапіўнікавая сініца (Chamaea fasciata) сустракаецца ў Паўночнай Амерыцы.

Апублікаваныя артыкулы стануць асновай для будучых аналізаў экалогіі, эвалюцыі і аховы цімеліевых.

 

Крыніцы:

Tianlong Cai et al. Near-complete phylogeny and taxonomic revision of the world's babblers (Aves: Passeriformes), Molecular Phylogenetics and Evolution (2018). DOI: 10.1016/j.ympev.2018.10.010

Alice Cibois et al. Comprehensive phylogeny of the laughingthrushes and allies (Aves, Leiothrichidae) and a proposal for a revised taxonomy, Zoologica Scripta (2018). DOI: 10.1111/zsc.12296

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца лескі-чарнагалоўкі Аляксандра Эрдмана

 

 

На гэтую тэму:

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

Прапанавана вылучыць 3 новыя віды ў райскіх валасяніц

У абноўленай класіфікацыі ІОС з'явіліся 4 новыя віды сарок

Два сталі адным: як дзве лініі крумкачоў некалі аб’ядналіся ў адзін від

Новы погляд на таксанамію лунёў