Некаторыя, звычайна блізкія віды птушак, могуць пераадольваць межвідавы бар’ер у паводзінах і іншыя механізмы, якія перашкаджаюць узнікненню гібрыдаў. Аднак якія менавіта змены ў папуляцыях такіх відаў адбываюцца, каб падобныя гібрыды ўтвараліся параўнальна часта, застаецца незразумелым. Нядаўна апублікаваны артыкул у часопісе British birds, які прысвечаны гібрыдам паміж звычайнай і рудахвосткай-чарнушкай Phoenicurus phoenicurus х P. оchruros, спрабуе разабрацца ў гэтым.
Усяго ў публікацыі разглядаюцца знойдзеныя міжнароднай камандай даследчыкаў 121 выпадак прыродных гібрыдаў паміж гэтымі двума відамі з розных месцаў Заходняй Палеарктыкі: іх сустракаемасць і распаўсюджанне, феналогія прылётаў, гнездавання і адлётаў на зімоўку, выбар гнездавой тэрыторыі, біяметрычныя дадзеныя, фенатыпы і вакалізацыя. За апошнія 30 гадоў колькасць назіранняў гібрыдаў паміж двума відамі рудахвостак значна павялічылася. Паводле феналогіі, гібрыды займаюць прамежкавае месца паміж двума бацькоўскімі відамі, а выбарам месцапражыванняў яны больш падобныя да рудахвостак-чарнушак.
Цікава, што арнітолагі пакуль не маюць сведчанняў пра існаванне самак-гібрыдаў – хутчэй за ўсё гэта можа быць звязана з цяжкасцю іх адрознення ў палявых умовах ад “чыстых” самак аднаго з відаў. Паводле даследаванняў гібрыдызацыі іншых відптушак, звычайна больш шматлікі лакальна від “пастаўляе” самак гібрыдызацыі як з самцамі іншага віду, так і з самцамі-гібрыдамі.
Варыяцыі знешняга выгляду самцоў-гібрыдаў аказаліся больш разнастайнымі, чым лічылі дагэтуль. Самай заўважнай рысай, якая адрознівае гібрыдаў ад бацькоўскіх відаў, ёсць выразкі на махавым P6, аднак існуе значнае перакрыццё з абодвума відамі, асабліва з усходняй рудахвосткай-чарнушкай P. o. phoenicuroides. Песні самцоў гібрыдаў падобны на вакалізацыю рудахвостак-чарнушак структурай і выкарыстаннем “скрэжэта”, а да песні звычайнай рудахвосткі – працягласцю фраз.
Паводле www.britishbirds.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Гібрыд звычайнай і рудахвосткі-чарнушкі (на пярэднім плане) разам з самцом рудахвосткі-чарнушкі. Птушка была адзначана ў зграі больш за 150 рудахвостак-чарнушак 31 сакавіка 2012 году ў Wyhlen, Германія. Ад усходняга падвіда рудахвосткі-чарнушкі гэты самец адрозніваецца белым падхвосцем і вялікай белай плямай на жываце. Здымак - D. Kratzer
На гэтую тэму:
Гібрыдызацыя сірыйскага і вялікага дзятлаў у гарадзкіх папуляцыях
Два сталі адным: як дзве лініі крумкачоў некалі аб’ядналіся ў адзін від
Белая сініца і яе гібрыды ў Еўропе
Як навукоўцы сталі сведкамі ўзнікнення новага віду “дарвінаўскага” ўюрка
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ