Амялу распаўсюджваюць на новыя месцы не тыя птушкі, якія ядуць яе найбольш?

Насуперак шырока распаўсюджанаму меркаванню на прыкладзе ўзаемадзеяння амялы і птушак, навукоўцы паказалі, што найлепш гэтыя паўпаразітычныя расліны распаўсюджваюць на новыя тэрыторыі не тыя віды, якія ядуць іх параўнальна часта, а тыя, якія з’ядаюць ягады амялы толькі час ад часу.

Прафесар David Watson, эколаг з Charles Sturt University's (CSU) (Аўстралія), прааналізаваў вынікі пяці даследаванняў, якія ён правёў у Аўстраліі і Цэнтральнай Амерыцы. Гэтыя даследаванні прадэманстравалі, што віды птушак-спецыялісты, якія залежаць ад харчавання на адной групе раслін зусім не так важныя для распаўсюджання гэтых раслін як меркавалася дагэтуль.  

"Агульнапрынятая канцэпцыя ў тым, што амялу распаўсюджваюць птушкі-спецыялісты, якія часта харчуюцца яе ягадамі, багатымі карыснымі рэчывамі, і з’ядаюць і яе насенне, дзякуючы якому амяла і распаўсюджваецца на новыя дрэвы” – сказаў праф. Watson.

"Аказалася, што гэтыя віды-спецыялісты канцэнтруюцца там, дзе амялы ўжо многа. Раней лічылася, што амяла не можа выжыць без гэтых птушак-спецыялістаў і наадварот – птушкі не могуць выжыць без яе. Гэта адносіны, якія маюць назву “мутуалізм”. Аднак нашы даследаванні паказалі іншую карціну.

Мы знайшлі, што віды-спецыялісты сустракаюцца толькі там, дзе амяла ўжо існуе і не адлятаюць далёка туды, дзе яе яшчэ няма. Таму, з пункту гледжання расліны, гэтыя птушкі слабыя яе распаўсюднікі. Яны хутчэй распаўсюджваюць амялу ўжо там, дзе яе было шмат і да гэтага і там, дзе яны жывуць”.

У сувязі з гэтым узнікла пытанне – калі амялу не распаўсюджваюць у новыя месцы віды-спецыялісты, тады хто гэта робіць? Аказалася, што найлепшымі распаўсюднікамі амялы з’яўляюцца тыя віды птушак, якія харчуюцца імі толькі час ад часу, а так ядуць і насякомых, ягады і іншую садавіну, і нектар.

"Ягады амялы не толькі вельмі смачныя для птушак. У іх шмат амінакіслот, тлушчоў і вугляводаў, таму нават тыя віды птушак, якія звычайна харчуюцца, напрыклад, насякомымі і іншай ежай, з’ядаюць час ад часу і амялу” – сказаў прафесар.

"Аднак больш шырокая, не спецыялізаваная на ягадах амялы дыета, “прыводзіць” гэтых птушак на тэрыторыі, дзе амялы яшчэ няма і яны застаўляюць яе насенне ў памёце ў новых для яе месцах. А калі амяла ўжо займае гэтыя новыя месцы, віды-спецыялісты прылятаюць і паступова распаўсюджваюць яе вакол гэтага новага цэнтра.”


Крыніца: Watson, D. Mistletoe specialist frugivores: latterday 'Johnny Appleseeds' or self-serving market gardeners?, Oecologia, vol. 172 issue 4. dx.doi.org/10.1007/s00442-013-2693-9

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі,

здымак амялушкі на амяле яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Качкі – адны з галоўных распаўсюджвальнікаў многіх відаў раслін