Качкі – адны з галоўных распаўсюджвальнікаў многіх відаў раслін

Новае даследаванне сцвярджае, што качкі могуць быць галоўным вектарам распаўсюджання нашмат больш шырокага спектру раслін, чым думалі дагэтуль.

Качыныя (Anatinae) - шырокараспаўсюджаная і шматлікая група ўсеядных птушак, прадстаўнікі якой высокамабільныя і часта мігрыруючыя. Таму маюць вялізарны патэнцыял да распаўсюджання на вялікія дыстанцыі іншых арганізмаў – уключна з раслінамі. Але іх здольнасці распаўсюджваць расліны заставаліся слаба даследаваныя ў параўнанні з іншымі групамі, асабліва раслінаедных птушак і меркавалася, што яны могуць быць важнымі распаўсюджвальнікамі максімум для некаторых водна-балотных раслін.

Даследаванне, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе Journal of Ecology, праводзілася на сямі відах ненырковых качак з роду Anas, шырокараспаўсюджаных у Заходняй Палеарктыцы на аснове аналіза змесціва страўніка, месцаў пражывання качак і магчымасцяў распаўсюджання розных відаў раслін на аснове іх здольнасці праходзіць стрававальны тракт качак непашкоджанымі, а таксама сувязі гэтых дадзеных з вядомымі шляхамі пералётаў качак.  

Такім чынам, як харчовыя аб’екты качак былі вызначананыя больш за 445 відаў раслін, якія прадстаўляюць 189 родаў з 57 сямействаў, з якіх водна-балотныя віды складалі ўсяго каля 40%. Іншыя віды маглі трапіць у страўнікі качак толькі з шырокага кола розных біятопаў, што паказвае апартуністычны характар іх харчавання не толькі ў водным асяроддзі ці побач з ім.

Калі ўзяць пад увагу мільёны качак, сотні тысяч штук насення, якое праглынае пад час харчавання кожная качка штодня і вялікую долю насення, якое праходзіць праз стрававальны тракт непашкоджаным, то ў выніку вялізарная колькасць раслін, якія распаўсюджваюць качкі, не павінна здзіўляць.

Крыніца:

Soons, M B, Brochet, A-L, Kleyheeg, E and Green, A J. 2016 Seed dispersal by dabbling ducks: an overlooked dispersal pathway for a broad spectrum of plant species. Journal of Ecology, 104: 443–455. doi:10.1111/1365-2745.12531

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Партрэт самкі качкі-крыжанкі Паўла Пінчука

 

На гэтую тэму:

СПАДАРОЖНІКАВЫЯ ПЕРАДАТЧЫКІ АСЛАБЛЯЮЦЬ КАЧАК-ШЫЛАХВОСТАК?

На зімоўку вярнуліся 2 качкі з 23

Праблемы самай рэдкай качкі на Зямлі працягваюцца

Як чайкі сталуюцца ў качак + VIDEO