Галубы трымаюцца разам, каб не даць сокалу злавіць ніводнага з іх

Новае даследаванне паказала, што шызыя галубы (Columba livia) – а магчыма і іншыя птушкі – аб’ядноўваюцца ў групу перад атакай драпежніка для агульнай карысці, а не каб толькі істотна зменшыць асабістую небяспеку. Гэта нечаканая выснова ставіць пад сумнеў ці хутчэй дапаўняе  шырокараспаўсюджанае тлумачэнне перавагі знаходжання ў статку ці чарадзе для асобных жывёл у выпадку нападзення на іх драпежніка толькі ўласнымі перавагамі для кожнага ўдзельніка падобнай групы.

Дзякуючы выкарыстанню ўнікальнай лятаючай прылады, якая называецца RoboFalcon (і абрысамі, і паводзінамі падобнай да сокала-падарожніка), даследчыкі з Royal Holloway універсітэту Лондана (Вялікабрытанія) паказалі, што перамяшчэнне галубоў не адпавядае “тэорыі эгаістычнага статку” ('selfish herd' theory). Паводле гэтай тэорыі, якая тлумачыць перамяшчэнні асобін у групе пад час нападзення драпежніка тым, што яны стараюцца заняць цэнтральнае – і найбольш бяспечнае  - месца ў чарадзе, галубы ляталі як адзіны калектыў, каб драпежнік увогуле не мог злавіць ніводнай ахвяры з іх групы.

Навукоўцы параўновывалі паводзіны птушак пад час палётаў у групе без драпежніка і з імітацыяй яго нападу. Для гэтага яны выпускалі RoboFalcon’а, рухі і месцазнаходжанне якога цалкам кантралявалі, і назіралі за перамяшчэннем галубоў у чародках памерам 9-10 і 27-34 асобіны. Некаторыя з птушак мелі GPS-перадатчыкі, якія і паказалі, што птушкі не стараліся перамясціцца ў цэнтр групы і ляцець там каб толькі асабіста пазбегнуць атакі – менавіта пра гэта кажа “тэорыя эгаістычнага статку”. Замест гэтага ўсе птушкі стараліся каардынаваць свой палёт і рухацца адной групай такім чынам, каб трымацца на бяспечнай адлегласці ад драпежніка і не даць яму злавіць нікога. Цікава, што гэтыя паводзіны не змяняліся ў залежнасці ад велічыні чарады галубоў.

Daniel Sankey, галоўны сааўтар публіцыі і былы даследчык з біяфака Royal Holloway, сказаў: "Тэорыя эгаістычнага статку прадугледжвае, што хаця б адна асобіна з яго будзе злоўлена і загіне ад драпежніка. Аднак мы ведаем, што далёка не заўсёды гэта так і многія атакі драпежнкіаў заканчваюцца для іх няўдачай. Таму натуральны адбор павінен падтрымліваць паводзіны, якія прыводзяць да калектыўнага ратунку пад час уцёкаў ад драпежніка. Мы верым, што наша знаходка з галубамі дапаможа знайсці падобныя механізмы для жывёл з розных таксонаў, якія трымаюцца ў групах і перамяшчаюцца як адзіны жывы арганізм пад час атак драпежнікаў на іх”.

Палёт у чарадзе павялічвае расход энергіі птушак у сярэднім на 18% у параўнанні з палётам асобнай птушкі. Tаму зразумела, што галубы трымаюцца разам пад час атак драпежніка зусім не з прычыны эканоміі энергіі а таму, што гэта значна павялічвае іх шанцы выжыць.

Тэорыя эгаістычнага статку была сфармуляваная W.D. Hamilton’ам яшчэ ў 1971 годзе і з таго часу застаецца самай папулярнай у тлумачэнні перамяшчэнняў жывёл у групах.

 

Крыніца: DWE Sankey et al. 2021 Absence of “selfish herd” dynamics in bird flocks under threat - Current Biology https://doi.org/10.1016/j.cub.2021.05.009

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Галубы гатовы траціць больш энергіі, каб толькі ляцець разам

КОНДАРЫ НЕ ЛЮБЯЦЬ МАХАЦЬ КРЫЛАМІ

НОВЫЯ РЭКОРДЫ ЧОРНЫХ СВІРГУЛЁЎ ПАД ЧАС МІГРАЦЫІ

КАЛІ ВАЖНЫ І ПАМЕР, І СКЛАД ГРУПЫ

Неабходная сямёрка