Калі важны і памер, і склад групы

Навукоўцы паказалі, што памер і арганізацыя групы ў сацыяльных відаў птушак можа прадказаць як эфектыўна яны выкарыстоўваюць прастору вакол сябе. У выпадку грыфавых цасарак атрымалася, што групы сярэдняга памеру паказалі найбольш эфектыўны баланс паміж здольнасцю каардынаваць перамяшчэнні, памерамі групы і поспехам размнажэння.

Грыфавыя цасаркі (Acryllium vulturinum) - сацыяльны від птушак, які вядзе наземны лад жыцця ў саваннах Усходняй Афрыкі. Пад час папярэдніх даследаванняў віда ў цасарак было знойдзена складана структураванае грамадзтва

"Для многіх сацыяльных відаў жывёл, большыя памерам групы карыстаюцца з магчымасці атрымаць вялікі аб’ём інфармацыі і гэта дазваляе прымаць лепшыя рашэнні наконт перамяшчэнняў і навігацыі” – сказала Danai Papageorgiou, галоўны аўтар публікацыі па выніках даследавання, аспірантка Max Planck Institute of Animal Behavior пры універсітэце Канстанца (Германія). "Тым не менш, па меры таго, як група дасягае некага “завялікага” памеру, яна пачынае сустракацца з выклікамі каардынацыі сваіх дзеянняў: як дасягнуць кансенсуса куды і з якой хуткасцю перамяшчацца”.

Даследчыкі правяралі аптымальны памер групы цасарак найперш для каардынацыі перамяшчэнняў. Для гэтага яны пазначылі птушак з 21 групы GPS-лоджэрамі і збіралі дадзеныя пра іх перамяшчэнне на працягу пяці двухмесячных сезонаў. Такім чынам даведаліся таксама пра выкарыстанне групамі месцапражыванняў, іх плошчы, адлегласцях, якія яны праходзяць штодня і сярэднюю хуткасць перамяшчэнняў. Акрамя гэтага, кожная з 21 груп назіралася наўпрост кожны тыдзень, каб адсочваць яе колькасць і склад. Асабліва важным была колькасць птушанят у групе, бо яны больш падвержаныя ціску драпежнікаў і больш павольна перамяшчаюцца.

Атрымалася, што групы сярэдняга памеру, якія складаліся з 33-37 птушак хаця і выкарыстоўвалі большую памерам тэрыторыю, менш вандравалі штодзень у параўнанні з групамі меншага і большага памеру. Такія групы таксама у найбольшай прапорцыі выкарыстоўвывалі новыя тэрыторыі. Таму навукоўцы лічаць, што групы сярэдняга памеру выкарыстоўвываюць прастору найбольш эфектыўна, патэнцыяльна здольныя знайсці больш рэсурсаў і адначасова і траціць на гэта менш энергіі, і заставацца лепш абароненымі ад драпежнікаў.

Дадаткова аказалася, што ў падобных групах у сярэднім на кожную дарослую птушку большы поспех размнажэння.

Аднак даследчыкі знайшлі і негатыўныя для груп аптымальнага памеру моманты ў тых выпадках, калі ў іх шмат птушанятаў. Негледзячы на аптымальную колькасць птушак у падобнай групе, яна не можа перамяшчацца ў аптымальным тэмпе з-за меншай хуткасці, на якую здольныя птушаняты, а таксама вымушаная даўжэй заставацца ў высокай расліннасці, бо гэтак бяспечней для птушанятаў.

Адзін з нечаканых вынікаў быў у тым, што групы сярэдняга памеру сустракаліся радзей за меншыя і большыя. Так адбываецца таму, што большы поспех размнажэння ў такіх групах праз нейкі час непазбежна ператварае іх у большыя. Вельмі магчыма, што на актуальны памер групы ўздзейнічаюць і іншыя важныя чыннікі, якія навукоўцы не ўзялі пад увагу.


Крыніца: Danai Papageorgiou et al, Group size and composition influence collective movement in a highly social terrestrial bird, eLife (2020). DOI: 10.7554/eLife.59902

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.wikimedia.org  

 

 

На гэтую тэму:

У ГРЫФАВЫХ ЦАСАРАК УПЕРШЫНЮ ДЛЯ ПТУШАК ЗНОЙДЗЕНА НАДЗВЫЧАЙ СКЛАДАНАЕ ГРАМАДЗТВА

Вароны ў большых сацыяльных групах здаравейшыя

Чым больш братоў-сёстраў у гняздзе, тым больш камунікабельнымі вырастаюць птушаняты

"Фальшывая карона" можа падмануць толькі незнаёмых

Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц