Вароны ў большых сацыяльных групах здаравейшыя

Каманда навукоўцаў знайшла, што чорныя вароны (Corvus corone) у большых памерамі групах аказаліся больш здаровымі ў параўнанні з тымі, якія мелі менш дачыненняў з іншымі птушкамі свайго віду - у меншых групах.

Д-р Клаўдыя Уашэр (Dr. Claudia Wascher) з калегамі з Anglia Ruskin University (ARU) (Вялікабрытанія) больш шасці гадоў вывучалі чорных варон у авіярыях, дзе назіралі за паводзінамі птушак у групах рознага памеру.

Адначасова даследчыкі правяралі памёт птушак на наяўнасць ооцыст какцыдый – кішэчных паразітаў, якія ў вялікай колькасці значна аслабляюць птушак. Раней лічылася, што больш лёгкае распаўсюджанне хваробаў і паразітаў ёсць адным з негатыўных бакоў жыцця птушак у групах. Аднак гэтае даследаванне паказвае, што так бывае як мінімум не заўсёды.

Аказалася, што тыя вароны, якія жывуць у большых памерамі сацыяльных групах з большай колькасцю крэўных побач і мацнейшымі сацыяльнымі сувязямі, значна менш азражаныя паразітамі, чым вароны з меншых груп.

Даследчыкі таксама вызначалі ранг розных птушак у групах і не знайшлі залежнасці паміж гэтым паказчыкам і заражанасцю птушак паразітамі. Аднак выявілася, што самцы у сярэднім заражаныя паразітамі часцей, чым самкі: адпаведна ў 33 і 28%.

Д-р Уашэр сказала: "Вароны – вельмі сацыяльныя птушкі і мы знайшлі, што асобіны з больш моцнымі сацыяльнымі сувязямі менш заражаныя паразітамі- какцыдыямі. Ранейшыя ўяленні пра жыццё сацыяльных жывёл казалі пра тое, што ў большых групах хваробы і паразіты распаўсюджваюцца хутчэй, таму здаровых птушак там павінна быць менш. З іншых даследаванняў мы таксама ведаем, што іерархічныя разборкі у групах могуць быць вельмі стрэсагеннымі. У сваю чаргу, хранічны стрэс прыводзіць да падаўлення дзеяння імуннай сістэмы і меншай адпорнасці да паразітаў.

Таму вынікі нашай шасцігадовай працы, якая паказвае моцную карэляцыю паміж сацыяльнасцю і здароўем, вельмі цікавыя. Атрымліваецца, што хутчэй за ўсё большая сацыяльнасць варон змяншае у ніх стрэс, што прыводзіць да большай адпорнасці да паразітаў.

Іншая магчымасць – што больш здаровыя вароны больш сацыяльныя. Аднак менавіта мы “вызначалі” у лабараторных умовах колькі варон можа быць у той ці іншай групе, таму мы думаем, што менавіта сацыяльныя сувязі ўзмацняюць здароўе, а не наадварот.”

 

Крыніца:

Claudia A.F. Wascher et al, 2019 Affiliative social relationships and coccidian oocyst excretion in a cooperatively breeding bird species,Animal BehaviourDOI: 10.1016/j.anbehav.2019.10.009

Паводле падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.cambsbirdclub.blogspot.com

 

 

На гэтую тэму:

У ГРЫФАВЫХ ЦАСАРАК УПЕРШЫНЮ ДЛЯ ПТУШАК ЗНОЙДЗЕНА НАДЗВЫЧАЙ СКЛАДАНАЕ ГРАМАДЗТВА

Шэрыя вароны: вучымся і вучым

Шэрыя вароны аказаліся не глупейшымі за чалавека

Новакаледонскія крумкачы ізноў пацвердзілі сваё “рэнамэ” самых разумных птушак

Каўкі вучацца адна ад адной пра небяспечных людзей

Вароны вучацца пазбягаць пагроз дзякуючы мёртвым суродзічам

Шэрая і чорная вароны пад генетычнай “лупай”

Вароны дапамагаюць адна адной у патрэбе