Вароны дапамагаюць адна адной у патрэбе

Шэрыя вароны (Corvus corone cornix) часам утвараюць сацыяльныя групы, ў якіх птушкі разам даглядаюць птушанят. Дамінуючыя асобіны карыстаюцца дапамогай іншых варон, аднак таксама не праганяюць тых птушак, якія выглядаюць на зусім бескарысных - г.зн. тых, якія зусім не дапамагаюць.

Навукоўцы не маглі зразумець сэнс такой “талерантнасці”, але падазравалі, што дамінанты нейкім чынам карыстаюцца з дапамогі птушак-“абібокаў”. Найбольш імавернымі ўяўляліся гіпотэзы, якія казалі пра большую бяспеку вялікіх груп варон ад драпежнікаў альбо больш лёгкі пошук ежы ў вялікай групе.
Аднак толькі палявы эксперымент, які правёў гішпанскі біёлаг Вітторыё Багліёне (Vittorio Baglione) з універсітэту ў Valladolid (Гішпанія),дазволіў знайсці правільны адказ. Разам з калегамі ён назіраў за 61 варонай, якія ўваходзілі ў 17 розных сацыяльных груп на тэрыторыі паўднёвай Гішпаніі. Даследаванне праходзіла па аднолькавай схеме: спачатку скрытай камерай запісваліся паводзіны птушак у групе, пасля чаго лапалі дамінуючую асобіну, падразалі ёй частку махавых пёраў і зноў выпускалі.
Дамінуючыя птушкі з пашкоджанымі пёрамі змяншалі сваю актыўнасць у кармленні птушанят прыкладна на 30%. Аднак актыўнасць у пошуку ежы для птушанят з боку негняздуючых птушак з групы ўзрастала. І аказалася, што цяпер найбольш шчыравалі менавіта тыя птушкі, якія да гэтага не рабілі для птушанят нічога. 5 з 8 варон, якія былі пад назіраннем і да гэтага не прыляталі на гняздо, цяпер пачалі рэгулярна карміць варанятаў.
На аснове гэтых назіранняў была зроблена выснова, што прысутнасць у групах варон “лянівых птушак” – гэта страхоўка на выпадак значнага пагаршэння ўмоваў жыцця для дамінуючых птушак, калі яны ўжо не змогуць даглядаць птушанят самастойна.
Механізм змены паводзін “лянівых варон” пакуль не зразумелы. Яго могуць запускаць як самі птушаняты, якія пачынаюць атрымліваць меншую колькасць ежы і з-за гэтага больш крычаць, альбо дарослыя птушкі з пашкоджаным пер’ем, якія могуць нейкім чынам прымушаць іншых даглядаць іх птушанят.
Наступныя эксперыменты каб зразумець гэта, будуць праведзены ў авіарыі.

Вынікі гэтых цікавых даследаванняў з’явіліся ў часопісе "Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences".

Шэрая варона на здымку Мікалая Гулінскага
Паводле  www.dnaindia.com праз www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 
 

На гэтую тэму:
Новакаледонскія крумкачы могуць выкарыстоўваць тры прылады за адзін раз!

Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку