Даказана: свойскія каты палююць на дзікіх жывёл не з-за голаду

Нават тыя свойскія каты (Felis catus), якія рэгулярна палююць на дзікіх жывёл пад час сваіх ‘прагулак’, амаль усю неабходную ім ежу атрымліваюць ад сваіх гаспадароў. Каманда навукоўцаў з універсітэту Экзэтэра (University of Exeter) даказала гэта, дзякуючы аналізу розных ізатопаў у вібрысах коцікаў - актыўных паляўнічых.

Даследчыкі бралі на аналіз вібрысы на самым пачатку і на прыканцы даследаванняў у кожнага з катоў, пра якіх ад уладальнікаў было вядома, што яны актыўна палююць на дзікіх жывёл калі маюць такую магчымасць. Г.зн. тады, калі іх уладальнікі рэгулярна выпускалі сваіх гадаванцаў “пагуляць”.

Суадносіны ізатопаў у вібрысах дазволілі даведацца пра суадносіны бялку з ежы прыроднага і ‘хатняга’ паходжання ў рацыёне коцікаў – апошнюю ім забяспечвалі іх уладальнікі. Аказалася, што ў сярэднім 96-97% бялковага рацыёна свойскіх катоў – актыўных паляўнічых, паходзяць з ежы, атрыманай там, дзе яны жывуць, г.зн. у хаце. І толькі 3-4% свайго бялковага рацыёна коцікі забяспечвалі ад злоўленых імі дзікіх жывёл.

Гэта вельмі важныя дадзеныя і з іх вынікае, што т.зв. паляўнічы інстынкт нашмат мацней за пачуццё голаду прымушае нашых коцікаў рэгулярна паляваць на дзікіх жывёл тады, калі яны маюць падобную магчымасць. Раней было не раз паказана, што многіх сваіх ахвяр коцікі не з’ядаюць.

"Калі ежа ў хаце дастаковая і даступная, наша даследаванне сведчыць пра тое, што амаль усё харчаванне, неабходнае нашым катам, яны атрымліваюць ад нас, уладальнікаў” – сказала Dr. Martina Cecchetti, галоўная аўтарка публікацыі па выніках даследавання з Environment and Sustainability Institute on Exeter (Вялікабрытанія).

"Некаторыя ўладальнікі коцікаў не хочуць абмяжоўвываць паляўнічыя здольнасці і магчымасці сваіх гадаванцаў, таму што лічаць, што так яны абмяжоўвываюць ім неабходную крыніцу прыроднай ежы. Аднак аказалася, што нават актыўныя каты-паляўнічыя амаль не ядуць здабычу, якую яны забіваюць у прыродзе”.

"Як драпежнікі, некаторыя каты могуць інстынктыўна паляваць, нават калі яны зусім не галодныя. Гэта добра вядомая і для іншых груп драпежных звяроў т.зв. ‘забойства пра запас’ ('surplus killing') – калі яны забіваюць даступную ім здабычу, каб магчыма з’есці яе калі-небудзь пазней”.

Даследчыкі таксама праверылі розныя спосабы, якія прымяняюцца, каб абмежаваць ахвяры нашых коцікаў у прыродзе. Для гэтага таксама правяралі суадносіны розных ізатопаў у вібрысах катоў, якія спачатку маглі паляваць без перашкодаў, а потым нейкі час насілі або званочкі, або спецыяльныя каўнеры (Birdsbesafe collar covers). У сваёй папярэдняй рабоце навукоўцы паказалі, што ўладальнікі могуць змяншаць паляўнічую актыўнасць сваіх коцікаў у прыродзе, калі рэгулярна кормяць іх багатай бялком мясной ежай і штодзень хаця б 5 хвілін гуляюць з імі ў гульні, каб рэалізаваць паляўнічыя інстынкты.

Аказалася, што заўважна менш ахвяраў з’ядалі каты ‘з каўнерамі’ – магчыма таму, што яны сталі лавіць менш птушак. Аднак самы надзейны спосаб пазбавіць навакольную прыроду ад непрыроднага драпежніка, гэта не выпускаць сваіх гадаванцаў ‘пагуляць’.


Крыніца: Martina Cecchetti et al, Contributions of wild and provisioned foods to the diets of domestic cats that depredate wild animals, Ecosphere (2021). DOI: 10.1002/ecs2.3737

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.dreamstime.com

 

 

На гэтую тэму:

Маштабнае даследаванне нагадвае: трымайце коцікаў у хаце калі любіце дзікіх птушак

Навукоўцы: у Еўразвязе незаконна выпускаць катоў “пагуляць”

Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак

Мясная ежа і рэгулярныя гульні змяншаюць колькасць ахвяр коцікаў, якіх выпускаюць гуляць