Першыя агульнанацыянальныя зімовыя ўлікі шэрых жураўлёў (Grus grus) у Гішпаніі, якія скончыліся напярэдадні новага году ў снежні, далі агульную лічбу ў 258.358 асобін. Від шырока прадстаўлены на зімоўцы па ўсёй краіне, аднак Экстрэмадура яўна апярэджвае па колькасці гэтых птушак іншыя правінцыі. Тут налічылі ажно 136.322 жураўля. На другім і трэцім месцах апынуліся адпаведна Aragón і Castilla la Mancha.
Вынікі ўлікаў былі абвешачныя групай Grus Extremadura, якая іх і арганізавала. Шэры журавель – выключна зімуючы від птушак для Гішпаніі. У Экстрэмадуры ён уключаны ў Рэгіянальны спіс пагражаемых відаў (Regional Catalogue of Endangered Species of Extremadura), дзе аднесены да відаў “спецыяльнага інтарэсу” – для іх складаецца план дзеянняў па ахове.
Паводле ранейшых улікаў, якія праводзіліся не на ўсёй тэрыторыі краіны, і зробленых дзякуючы ім ацэнках, колькасць зімуючых шэрых жураўлёў у Гішпаніі павялічваецца. Каб мець больш дакладныя лічбы і лепш адсочваць магчымыя змены ў іх, група Grus Extremadura спадзяецца час ад часу ладзіць перыядычныя агульныя ўлікі віда.
На жаль, на многіх фермерскіх участках у Экстрэмадуры адбываецца змена выкарыстання сельскагаспадарчых земляў з адкрытых палёў, на якіх жураўлі харчуюцца, на палеткі з дрэвамі ці хмызняком. Каб ацаніць маштаб зменаў, якія яўна некарысныя не толькі для шэрага жураўля, але таксама, напрыклад, і для стрэпета, і для дропа, прадстаўнікі групы Grus Extremadura просяць валанцёраў паведамляць пра іх пад час правядзення ўлікаў. Ужо цяпер адзначаныя змены нагадваюць “сытуацыю, якая становіцца няўстойлівай”, таму група плануе прадставіць вынікі і свае прапановы па магчымаму выпраўленню становішча ўраду правінцыі.
Агулам у апошнія дзесяцігоддзі адзначана павелічэнне як мінімум еўрапейскай папуляцыі віда. Рэкордная колькасць птушак у адным месцы была адзначана пад час пралёта да месцаў зімоўкі ў Францыі. Там у лістападзе 2019 году на возеры Der-Chantecoq, якое знаходзіцца на паўночным усходзе краіны, арнітолагі налічылі амаль 270 тысяч шэрых жураўлёў.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Якія жураўлі зімуюць у Польшчы?
ПАЛОВА ЎСІХ ШЭРЫХ ЖУРАЎЛЁЎ ЕЎРОПЫ ЗНАХОДЗЯЦЦА ЗАРАЗ У ФРАНЦЫІ
Шведы сустракаюць тысячы жураўлёў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ