Шматузроўневыя грамады (Multilevel societies (MLSs)), у якіх розныя сацыяльныя ўзроўні іерархічна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, лічацца самымі складанымі сацыяльнымі структурамі сярод жывёл. Хаця яны былі апісаны галоўным чынам для млекакормячых, у апошнія гады з’яўляюцца сведчанні таго, што яны яўна шырэй, чым яшчэ нядаўна меркавалася, распаўсюджаны і сярод птушак.
Каманда аўстралійскіх даследчыкаў лічыць, што шматузроўневыя грамады павінны быць звычайнай з’явай сярод тых відаў птушак, якія гняздуюць кааператыўна таму, што абедзве сістэмы ўзаемаадносін падтрымліваюцца тымі самымі экалагічнымі і сацыяльнымі драйверамі. На прыкладзе распісных малюраў (Malurus cyaneus) ў іх атрымалася паказаць гэтую ўзаемасувязь.
Адна з загадак біялогіі, якая ў многім застаецца неразгаданай – як развіваецца складанасць у прыродзе? І сярод многіх сацыяльных прыродных сістэмаў шматузроўневыя грамады стаяць асобна з-за сваёй складанасці. Асобіны спачатку ўтвараюць сем’і, чальцы якіх могуць утвараць групы і тыя ў сваю чаргу могуць аб’ядноўвывацца ў кланы.
На кожным з гэтых сацыяльных узроўняў асацыяцыі (узаемасувязі) паміж іх часткамі (асобінамі, сем’ямі, групамі і кланамі) звычайна структурыраваныя і параўнальна стабільныя. Іншымі словамі, чальцы сям’і звычайна стараюцца трымацца разам, сем’і ўзаемадзейнічаюць з іншымі сем’ямі так, што гэта можна прадказаць і ўтвараюць групы, якія на нейкі час аб’ядноўваюцца ў стабільныя кланы.
Аўстралійцы вывучалі сацыяльныя паводзіны ў прыроднай папуляцыі распісных малюраў і знайшлі, што гэтыя птушкі аб’яднаныя ў шматузроўневыя грамады – узровень складанай сацыяльнай структуры, які раней лічыўся хутчэй выключна праявай адносін у высокаарганізаваных відаў звяроў.
І хаця ў навукоўцаў ужо былі ідэі пра перавагі шматузроўневых грамадаў, мы дагэтуль вельмі мала ведаем пра тое, як і чаму яны ўтвараюцца, пра іх пачаткі.
Сярод некалькіх відаў птушак, якія такія складаныя сацыяльныя структуры ўтвараюць, усе маюць як мінімум адну агульную рысу: яны жывуць у стабільных паводле склада групах там, дзе доступ да харчовых рэсурсаў непастаянны і яго цяжка прадказаць.
Гэтая рыса таксама адпавядае і распісным малюрам. Гэта параўнальна звычайны від птушак у садах і парках на паўднёвым усходзе Аўстраліі, дзе яны гняздуюць у невялікіх сямейных групах, у якіх дамінантнай пары дапамагаюць хэлперы-дапамошнікі.
Малюры таксама вядомыя сваімі поліаморнымі адносінамі, хаця сацыяльна манагамы. Яны ўтвараюць пастаянныя пары, аднак кожны з партнёраў капуліруе з іншымі птушкамі з па-за пары. Але апошнія даследаванні паказалі, што параўнальна складаныя адносіны паміж птушкамі ў сезон размнажэння, насамрэч толькі вярхушка айсберга.
На працягу больш, чым двух гадоў навукоўцы сачылі за амаль 200 малюрамі, якіх індывідуальна адрознівалі дзякуючы розным камбінацыям каляровых калец на нагах. Па-за сезонам размнажэння, увосень і зімой, некаторыя сямейныя групы (якія ўключалі пару, якая гнездавала, аднаго ці больш хэлпераў і вывадак з мінулага сезону размнажэння), стабільна аб’ядноўваліся з іншымі падобнымі сямейнымі групамі ў супер-групы і кланы.
У сваю чаргу розныя кланы аб’ядноўваліся штодзень у своеасаблівыя грамады. Наступнай вясной гэтыя грамады і кланы распадаліся на сыходныя сямейныя групы, якія займалі выразна акрэсленыя гнездавыя тэрыторыі, каб пасля сезону размнажэння зноў аб’яднацца ў шматузроўневую грамаду. Застаецца невядомым, якім чынам птушкі выбіраюць іншыя сямейныя групы і кланы, каб праводзіць разам па-загнездавы сезон.
Таксама незразумела, чаму малюры ўтвараюць кланы і грамады, аднак даследчыкі лічаць, што такім чынам асобныя птушкі могуць шукаць ежу на значна большай тэрыторыі, а гэта вельмі важна калі харчовыя рэсурсы абмежаваныя. Таксама гэта дазваляе зменшыць небяспеку ад драпежнікаў. Гэтая здагадка пацвержваецца і іншымі даследаваннямі аўстралійскіх відаў птушак, якія кааператыўна гняздуюць і ўтвараюць складаныя грамады пасля сезону размнажэння.
Кааператыўнае гнездаванне – яшчэ адна стратэгія, якая дазваляе птушкам даць сабе рады з моцна абмежаваным доступам да ежы. Такім чынам, умовы, якія ствараюць перавагу кааператыўнаму гнездаванню ў складаных сямейных групах, пасля сезону размнажэння тыя ж самыя, што адпавядаюць аб’яднанню птушак у складаныя шматузроўневыя грамады.
Аўтары даследавання лічаць, што ў бліжэйшыя гады па меры пашырэння аналагічных назіранняў колькасць відаў птушак, для якіх стануць вядомыя шматузроўневыя грамады, яўна павялічыцца.
Крыніца: Ettore Camerlenghi et al. (2022) Cooperative breeding and the emergence of multilevel societies in birds, Ecology letters: First published: 09 January 2022 https://doi.org/10.1111/ele.13950
Паводле https://theconversation.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак пары малюраў з https://pt.wikipedia.org
На гэтую тэму:
У грыфавых цасарак упершыню для птушак знойдзена надзвычай складанае грамадзтва
Незвычайнае адкрыццё: птушаняты вучаць пароль, каб іх кармілі бацькі
Добрыя суседзі дапамагаюць птушкам жыць даўжэй
Сініцам не перазімаваць асобна, без групы
Чыжы выбіраюць для пералётаў знаёмую кампанію
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ