Добрыя суседзі дапамагаюць птушкам жыць даўжэй

Многія віды птушак маюць уласную тэрыторыю, якую яны актыўна бароняць ад іншых. Таму тэарэтычна добрыя суседзі, якія прызнаюць межы, азначаюць менш працы па яе ўтрыманні і стрэсу яе ўладальнікам. Так і аказалася на практыцы – адныя суседзі аказаліся лепшымі за іншых. Тым больш раней было паказана, што птушкі могуць адрозніваць сваіх суседзяў ад іншых асобін.

Каманда амерыканскіх арнітолагаў вывучала міжвідавыя адносіны ў папуляцыі эндэмічнай сейшэльскай чаротаўкі Acrocephalus sechellensis, якая сустракаецца выключна на астравах Сейшэльскага архіпелагу ў Індыйскім акіяне. Даследчыкі правяралі ці ўладальнікі тэрыторыі, якія мяжуюць са знаёмымі з папярэдніх сезонаў гнездавання або крэўнымі ім птушкамі будуць мець менш стрэсу пад час абароны сваіх уладанняў, і, ў выніку, лепшыя шанцы пражыць даўжэй?

У розных пар правяралі фізічныя характарыстыкі і даўжыню целамер (якія лічацца паказчыкам патэнцыйнай працягласці жыцця, бо ўкарачваюцца кожны раз пад час дзялення клетак і адбываецца гэта часцей, калі арганізм жыве ў большым стрэсе ці ў кепскіх умовах). Тыя птушкі, якія жылі ў акружэнні крэўных ці знаёмых, мелі даўжэйшыя целамеры і былі ў лепшым фізічным стане. Калі ж побач з’яўляліся новыя, невядомыя суседзі, стрэс і яго ўздзеянне на гаспадароў тэрыторыі павялічваўся.

Такім чынам, патэнцыйная працягласць жыцця птушак залежыць ад таго, наколькі добрыя ў іх суседзі. Асабліва гэта важна ў густанаселеных месцах, дзе колькасць суседзяў і залежнасць ад іх можа быць большай.

Кэт Бэббінгтэн (Kat Bebbington), галоўная сааўтарка даследавання, сказала: Абарона ўласнай тэрыторыі – крытычна важная каб жывёлы маглі мець кантроль над дастатковай колькасцю ежы і іншых рэсурсаў. Гаспадары тэрыторыі, якія пастаянна бароняць яе ад суседзяў, знаходзяцца ў пастаянным стрэсе і, адпаведна, маюць менш часу на пошук ежы і на іншыя абавязкі. Акрамя гэтага, і здароўе ў іх горшае”.

Навукоўцам таксама атрымалася паказаць, што птушкі давяраюць больш за іншых не толькі сваім крэўным, але і суседзям, якіх ведалі раней, з мінулых спробаў гнездавання.

 

Крыніца:

Bebbington, K, Kingma, S, Fairfield, E, Dugdale, H L, Komdeur, J, Spurgin, L, and Richardson, D S. 2017. Kinship and familiarity mitigate costs of social conflict between Seychelles warbler neighbour. Proceedings of the National Academy of Sciences of the United States of America (PNAS). In Press.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак сяйшэльскай чаротаўкі з www.hbw.com

 

 

На гэтую тэму:

Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям

Палявыя жаўрукі адрозніваюць сваіх суседзяў ад іншых птушак

Горад ўкарачвае патэнцыйную працягласць жыцця птушак

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных