Нечаканыя вынікі атрымала каманда навукоўцаў з Фінляндыі, Швецыі і Вялікабрытаніі пад час сачэння за міграцыямі крычак-чэграваў (Hydroprogne caspia) з месцаў гнездавання на ўзбярэжжах Балтыкі на месцы зімоўкі ў Афрыку. Аказалася, што менавіта самцы адказныя за поспех першай міграцыі і зімоўкі птушанят, якія трымаюцца з імі ўвесь гэты час.
"Мы хацелі атрымаць больш дадзеных і лепш зразумець як міграцыйныя здольнасці птушак перадаюцца ад аднаго пакалення іншаму ў тых відаў, у якіх яны звычайна мігруюць разам у сямейных групах” – сказаў Patrik Byholm з універсітэту Helsinki (Фінляндыя), галоўны аўтар публікацыі па выніках даследавання.
Хаця параўнальна невялікая доля віда-мігрантаў здзяйсняе сезонныя пералёты ў складзе сямейных груп, аднак як у падобных групах птушкі паміж сабой узаемадзейнічаюць застаецца малавядомым. Для таго, каб даведацца больш пра асаблівасці міграцый крычак-чэграваў, навукоўцы выкарысталі GPS-перадатчыкі і знайшлі, што дарослыя самцы адказваюць за навучанне маладых птушак сакрэтам міграцыі і зімоўкі. Ва ўсіх, акрамя аднаго выпадку з прыёмным бацькам, лідэрамі сямейных груп пад час пералётаў і на месцах зімоўкі былі біялагічныя бАцькі (самцы).
Дакладны аналіз трэкаў ‘бацькоў і дзяцей’ паказаў, што маладыя птушкі стараюцца ўвесь час знаходзіцца паблізу дарослага самца - свайго бацькі, а тыя птушкі, што трацяць падобны кантакт, гінуць. Такім чынам, прынамсі ў крычак-чэграваў выжыванне маладых птушак у першыя месяцы пасля вылуплення без нагляду даролых самцоў хутчэй за ўсё немагчымае.
Прыклады міграцыйных шляхоў трох розных сямейных груп крычак-чэграваў вясной-восенню 2017–2019 гг. Паводле Nature Communications (2022).
Чаму гэта самцы, а не самкі – застаецца пакуль без адказу. Цікава, што маладыя птушкі, якія вяртаюцца вясной на поўнач ужо самастойна, выкарыстоўваюць той самыя пралётны шлях, якім яны ляцелі разам з бацькай і сіблінгамі ўвосень.
"Гэта паказвае, што ў крычак-чэграваў міграцыйныя паводзіны і веды пра іх перадаюцца як культурныя звычаі ад аднаго пакалення наступнаму. І куды і як маладыя птушкі першы раз мігравалі разам з бацькам мае доўгатэрміновыя наступствы” - сказала Susanne Åkesson, сааўтарка публікацыі з універсітэту Lund (Швецыя).
Крыніца: Patrik Byholm et al, Paternal transmission of migration knowledge in a long-distance bird migrant, Nature Communications (2022). DOI: 10.1038/s41467-022-29300-w
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Аляксандра Эрдмана
На гэтую тэму:
Крычкі-чэгравы ўпершыню загнездавалі на Алясцы ў выніку глабальнага пацяплення?
Шчуркі-пчалаедкі мігрыруюць у вялікіх рознасямейных групах
Галубы гатовы траціць больш энергіі, каб толькі ляцець разам
Самцы стараюцца бараніць ад драпежнікаў сваё патомства і ў чужых гнёздах
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ