Шчуркі-пчалаедкі мігрыруюць у вялікіх рознасямейных групах

Дзякуючы хуткаму развіццю тэхналогій, якія дазваляюць сачыць за ўсё большай колькасцю відаў птушак з вялікай дакладнасцю, мы усё больш даведваемся пра тое, куды і калі птушкі мігрыруюць пад час сваіх пералётаў. Аднак амаль нічога невядома пра тое, як ствараюцца групы і зграі птушак і на які час. Новае даследаванне пра сацыяльнае жыццё шчурак-пчалаедак (Merops apiaster) пад час міграцый дае магчымасць зазірнуць і ў гэты важны аспект міграцый.

Геалакатары пакуль што амаль адзіныя прылады падобнага памеру і вагі, якія даюць магчымасць бяспечна для дробных птушак вывучаць асаблівасці іх перамяшчэнняў. Каб атрымаць не толькі каардынаты і даты перамяшчэнняў шчурак-пчалаедак, даследчыкі са Швайцарскага інстытуту арніталогіі (Swiss Ornithological Institute) дадалі на геалакатары яшчэ і датчыкі ціску паветра. Гэтыя апошнія пад час значнай змены ціску на іх даюць магчымасць даведацца ці птушка ляціць і на якой вышыні. 

Калі шмат птушак пазначаныя падобнымі прыладамі, гэта дае магчымасць адсочваць ці шмат птушак робяць тое самае на той жа вышыні – г.зн. ці птушкі знаходзяцца ў той жа групе і каардынуюць свае перамяшчэнні ці не.

Шчуркі-пчалаедкі – вельмі сацыяльныя птушкі, якія звычайна гняздуюць у рознага памеру калоніях. Некаторыя са шчурак дапамагаюць іншым выгадаваць патомства. Аказалася, што і пад час міграцый яны стараюцца заставацца ў тых жа групах і часам далучаюцца да іх нават пасля разлукі.

У 2015-16 гг. лоджэры былі рамешчаныя на 29 шчурках, якія гнездавалі на той самай калоніі ў Германіі. Атрыманыя дзякуючы ім дадзеныя паказалі, што некаторыя з адсочваемых шчурак не толькі ўзляталі і сядалі адначасова, але і ляцелі на той самай вышыні у той самы час.

Палова птушак з геалакатарамі праляцела разам прыкладна 14 тысяч км з Германіі ў басэйн ракі Конга і назад. Другая палова аддзялілася пасля пералёту праз Сахару, аднак 89% з іх далучыліся да асноўнай групы праз месяц, для гэтага яны праляцелі іншым маршрутам каля 5 тысяч км!

Пад час зімоўкі практычна ўсе шчуркі пакідалі сваю групу ад аднаго да 5 дзён, аднак перад вяртаннем у Еўропу аб’ядналіся. Пасля вяртання на месца гнездавання ў Германію шчуркі стараліся праводзіць час разам з птушкамі, з якімі яны перад гэтым разам мігрыравалі на зімоўку. Две пары працягвалі гнездаваць з тымі самымі партнёрамі і на другі год.

Цікава, што маладыя і дарослыя птушкі з той самай калоніі (95% птушак на якой кантраляваліся арнітолагамі) былі ў той самай групе пад час пералётаў. Хутчэй за ўсё гэтак адбывалася нават насуперак рознай дасведчанасці шчурак пад час пошуку тэрмічных патокаў паветра, якімі дарослыя птушкі карыстаюцца нашмат спрытней за маладых. Таму птушкам рознага веку цяжка заставацца разам пад час пералётаў даўжэй, чым на некалькі дзён. Бо тады яны час ад часу павінны чакаць на маладых птушак.

Але маладыя шчуркі могуць карыстацца з досведу дарослых у такіх рознаўзроставых групах і прыстасоўвываць тэмп міграцыі, асаблівасці палёту да розных умоваў. Зразумела, што больш дасведчаныя птушкі дапамагаюць лягчэй знайсці ежу і раней заўважыць патэнцыйна небяспечнага драпежніка.

Цікава, што для многіх відаў жураўлёў і гусепадобных міграцыя таксама можа адбывацца ў змешаных сямейных групах. Аднак пасля прыбыцця на месца зімоўкі, такія групы распадаюцца або на асобныя сем’і, або асобна на маладых і дарослых птушак.

Міграцыі ў вялікіх рознасямейных групах робяць магчымую карціну пералётаў птушак больш складанай. І вартай далейшага вывучэння.

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Зуёнка

 

 

На гэтую тэму:

Міграцыі птушак і вялікія лічбы: некаторыя здзіўляючыя факты і высновы

Ці могуць геалакатары перашкаджаць птушкам пад час міграцыі?

Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных

Чыжы выбіраюць для пералётаў знаёмую кампанію

Куды і як ляцяць на зімоўку поплаўныя луні з Усходняй Беларусі: вынікі спадарожнікавага сачэння + мапы + VIDEO

Моладзь выбірае ўласны шлях і дзякуючы ёй магчымыя змены месца зімоўкі

Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый