Каб захаваць жаўрука-смецюха, у нямецкім горадзе забаранілі вольны выгул свойскіх катоў

Згодна з асноўнымі прыродаахоўнымі дырэктывамі Еўразвязу -  Дырэктывай па дзікіх птушках і Дырэктывай па месцапражываннях (Bird and Habitat Directives), краіны-чальцы ЕЗ павінны ахоўвываць прыроду. Таму выпускаць свойскіх катоў (Felix сatus) “пагуляць” па-за памяшканнямі чалавека, дзе яны масава забіваюць і нясуць іншыя пагрозы дзікім жывёлам, фактычна незаконна. Аднак рашэнне мясцовых уладаў горада Walldorf (паўднёва-заходняя Германія) пра забарону выпускаць хатніх коцікаў “на вуліцу”, выклікала супраціў іх уладальнікаў.

Забарона самастойных прагулак катоў датычыцца гнездавога сезону (дзейнічае да канца жніўня) і толькі ў паўднёвай частцы горада, дзе яшчэ гняздуюць жаўрукі-смецюхі (Galerida cristata). Гэты наземнагняздуючы від птушак у апошнія дзесяцігоддзі хутка знікае ў многіх краінах Заходняй Еўропы. Добра вядома, што свойскія каты з-за сваёй надзвычайна высокай шчыльнасці, якая немагчымая для дзікіх драпежнікаў у прыродзе, найбольш небяспечныя менавіта для наземнагняздуючых відаў птушак і, асабліва, іх птушанят.

Таму забарона на вольны выгул коцікаў для таго, каб захаваць смецюхоў выглядае лагічна і ў абаснаванні свайго рашэння, улады горада пішуць, што “сярод іншага, выжыванне віда залежыць ад захавання кожнага птушаняці”. Каб забарона сапраўды дапамагла у захаванні жаўрукоў, яна будзе паўтарацца і ў наступныя тры гады.

Аднак кіраўнік мясцовай асацыяцыі абароны жывёл ужо заявіў, што яны плануюць абскардзіць забарону на вольны выгул коцікаў у судзе і лічаць яе “неадпаведнай”.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак жаўрукоў-смецюхоў Андрэя Прыгуна

 

 

На гэтую тэму:

Навукоўцы: у Еўразвязе незаконна выпускаць катоў “пагуляць”

Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак

ЯКІХ ПТУШАК І Ў ЯКОЙ КОЛЬКАСЦІ ЗАБІВАЮЦЬ СВОЙСКІЯ КАТЫ: ДАДЗЕНЫЯ З БЕЛЬГІІ І ФРАНЦЫІ

Звычайныя віды птушак у Еўропе перастаюць быць звычайнымі

Даказана: свойскія каты палююць на дзікіх жывёл не з-за голаду

Мясная ежа і рэгулярныя гульні змяншаюць колькасць ахвяр коцікаў, якіх выпускаюць гуляць

Маштабнае даследаванне нагадвае: трымайце коцікаў у хаце калі любіце дзікіх птушак

 

Comments