КОНКУРС: у Еўропе шукаюць самае вялікае і самае цяжкае гняздо белага бусла. Арганізатары чакаюць і на інфармацыю ад Вас!

белы бусел

За апошнія стагоддзі белы бусел (Ciconia ciconia) паспяхова прыстасаваўся да гнездавання побач з чалавекам і часта будуе свае гнёзды на нашых пабудовах. Штогод гнёзды птушкамі надбудоўваюцца і павялічваюцца ў памерах. Каб знайсці самае вялікае і самае цяжкае гняздо віда (якое, хутчэй за ўсё будзе і самым старым), польскія арнітолагі праводзяць конкурс з узнагародамі: 10 удзельнікаў, якія дашлюць дадзеныя пра самыя вялікія і цяжкія гнёзды віда, размешчаныя ў Еўропе, атрымаюць наборы каштоўных кніг-вызначальнікаў на ангельскай мове.

Для таго, каб даведацца масу гнязда, не трэба яго ўзважваць - навукоўцы з універсітэту ў Беластоку, Інстытуту дэндралогіі ПАН і універсітэту у Вроцлаве (Польшча) пасля ўзважвання гнёздаў буслоў пад час іх замены на меншыя па масе на тыя самыя месцы размяшчэння, стварылі спецыяльны калькулятар. Ён вылічвае прыкладную масу гнязда на аснове ўведзеных памераў – яго дыяметра і вышыні і даступны для выкарыстання тут: www.gniazdo.ptop.org.pl.

Як бяспечна памераць гняздо бусла і вылічыць яго масу?

Для таго, каб памераць вышыню і дыяметр гнязда, не трэба залазіць да яго з рулеткай, бо гэта можа быць вельмі небяспечна і для вымяральшчыка, і для гнязда. Найпрасцей вылічыць патрэбныя памеры з дапамогай прадметаў вядомай даўжыні, якія знаходзяцца побач з гняздом: дахоўкі ( часцей за ўсё 42x33 cм), цэглы (25x12x 6,5 см), платформы пад гняздо (звычайна 120x120 cм), ці параўнаннем з самім буслом на гняздзе (яго вышыня пр. 1 м).

Пасля таго, як вылічаныя шырыня (=дыяметр) – у калькулятары па-польску Średnica, і вышыня – wysokośc, з дапамогай калькулятара на старонцы www.gniazdo.ptop.org.pl атрымліваем масу гнязда. У выпадку, калі атрыманыя намі велічыні перавышаюць тыя, што можна ўвесьці у адпаведныя палі калькулятара, дашліце толькі памеры гнязда, без вылічанай масы.

Якую інфармацыю трэба даслаць на конкурс?

Памеры гнязда (дыяметр і вышыню), а таксама яго вылічаную з дапамогай калькулятара масу разам са здымкам, які зроблены такім чынам (разам з прадметамі вядомай велічыні), каб на іх аснаванні можна было пацвердзіць памеры гнязда, разам з назвай мясцовасці, дзе знаходзіцца гняздо, датай, калі зроблены здымак, імем і прозьвішчам аўтара лацінкай як удзельніка конкурсу, трэба даслаць на адрас a.zbyryt@uwb.edu.pl

Інфармацыю на конкурс чакаюць да 15.10.2022 г.

Узнагароды (наборы вызначальнікаў на ангельскай мове) пасля падвядзення вынікаў будуць дасланыя на пададзены паштовы адрас 10 удзельнікам-пераможцам, якія дашлюць неабходную інфармацыю і здымкі пра самыя вялікія і цяжкія гнёзды белага бусла.

Дадзены конкурс з’яўляецца часткай праекту па прамоцыі навукі „Nie udźwigniesz, taki to ciężar! Popularyzacja kalkulatora masy gniazd bociana białego”, які рэалізуецца за грошы Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы (SONP/SP/513911/2021[1]). Калькулятар быў створаны ў рамах праекту Life, які рэалізавала Polskie Towarzystwо Ochrony Ptaków „Ochrona bociana białego w dolinach rzecznych wschodniej Polski” (LIFE15 NAT/PL/000728).

Паводле www.biologia.uwb.edu.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак - Юлія Якімчык

 

На гэтую тэму:

Гнёзды белых буслоў “павялічваюцца” на 60 кг штогод

Польшча ўжо не першая па колькасці белых буслоў?

БЕЛЫЯ БУСЛЫ, ЯКІЯ ЗАСТАЛІСЯ Ў НАС НА ЗІМУ - ЦІ ТРЭБА ІХ РАТАВАЦЬ?

Будучыня белых буслоў – наша смецце?