Спіс птушак Заходняй Палеарктыкі зменшыўся на адзін від – у Марока знік цёмны спяваючы шуляк

Існуюць сур’ёзныя апасенні, пацверджаныя доўгатэрміновымі палявымі даследаваннямі, што падвід цёмнага спяваючага шуляка (Melierax metabates theresae), раней распаўсюджаны ў Марока, цалкам знік. Іншыя падвіды пакуль што маюць стабільную колькасць і cустракаюцца на большай частцы тэрыторыі Афрыкі на поўдзень ад Сахары.

Вядомы толькі па сустрэчах з Марока, пасля рэзкага змяншэння арэалу ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, гэты шуляк не назіраўся з 2007 году. Раней від сустракаўся там у арганавых лясах (argan forests) у даліне Souss і ў навакольных мясцінах Анці-Атласа пасля таго, як яго арэал значна зменшыўся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Знікненне падвіда theresae, прадстаўнікі якога мелі меншыя памеры і былі больш цёмна афарбаваныя за намінатыўны падвід,  вельмі сумнае само па сабе, у выніку прывяло да знікнення цёмнага спяаючага шуляа як віда ў Заходняй Палеарктыцы – нідзе больш гэты від ў нашым зоагеаграфічным рэгіёне не сустракаўся.

Паводле вядомых публікацый, гэты від драпежных птушак ніколі не быў шматлікім у Марока, але да пачатку 1980-х гадоў памер папуляцыі ў гэтай краіне зменшыўся да некалькіх пар. Перадапошні даказаны выпадак гнездавання быў ў 1979 годзе, калі гняздо з птушанятамі было знойдзена на старым аліўкавым дрэве. А апошнім стала назіранне неполаваспелай птушкі ў 1999 годзе ў даліне Souss. У нашым стагоддзі вядомы толькі тры выпадкі рэгістрацыі шулякоў, яны адбыліся ў 2000, 2006 і 2007 гг..

Працяглыя і пільныя пошукі птушак у апошняе дзесяцігоддзе не далі пазітыўных вынікаў і арнітолагі лічаць, што падвід theresae, на жаль знік.

Крыніцы: Garrido López, JR, Numa, C & Violeta, B. 2021. The conservation status and distribution of the breeding birds of prey of North Africa. Monographic Series: IUCN Red List of Threatened Species - Regional Assessment.
Bergier, P, Thévenot, M, Qninba, A
& Houllier, JR. 2022. Birds of Morocco / Oiseaux du Maroc. Societé d'Etudes Ornithologiques de France.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://cdn.download.ams.birds.cornell.edu

 

На гэтую тэму:

Упершыню з 1850-х у Еўропе афіцыйна прызналі знікненне яшчэ аднаго віду птушак

Сучасны стан арнітафауны Еўропы і змены ў ім за апошнія 25-30 гадоў

Зніклы кулік-крывок з Канарскіх астравоў не быў асобным відам

Знойдзены невядомы від гіля, вынішчаны чалавекам на Азорах

На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак

Крызіс знікненняў паглыбляецца