Зніклы кулік-крывок з Канарскіх астравоў не быў асобным відам

Параўнанне геномаў зніклага канарскага куліка-крыўка (Haematopus meadewaldoi) з двума блізкімі відамі крыўкоў паказала, што апісаны як асобны від толькі ў 1913 годзе таксон наcамрэч не быў паўнапраўным відам і заслугоўвае на статус падвіда еўразійскага куліка-крыўка (H. ostralegus meadewaldoi).  

Апошняя вядомая сустрэча з гэтым куліком адбылася больш стагоддзя таму, калі ў 1913 годзе брытанскі арнітолаг Дэвід Банэрман (David Bannerman) застрэліў адну птушку на Канарах. Акрамя яе, яшчэ 7 скурак захоўваюцца ў розных музейных калекцыях.

У той час, як “звычайны” кулік-крывок, распаўсюджаны ў Еўразіі, мае чорна-белую афарбоўку апярэння, канарскі крывок быў амаль цалкам чорны з ярка-чырвонай дзюбай. Адсюль паходзіць і яго мясцовая назва – на востраве Fuerteventura яго называлі “марскі крумкач”. Гэтая афарбоўка канарскіх кулікоў вельмі падобная да цалкам чорнага апярэння афрыканскага куліка-крыўка (H. moquini). Таму для параўнання ДНК выбралі, акрамя еўразійскага віду, таксама і афрыканскіх крыўкоў.

Міжнародная каманда даследчыкаў, якую ачольвалі прадстаўнікі універсітэту Aberdeen (Шатландыя, Вялікабрытанія), змаглі выдзяліць ДНК з двух скурак канарскіх крыўкоў, якія захоўваюцца ў музеі Манчэстэра і World Museum у Ліверпуле. Секвеніраваную паслядоўнасць нуклеатыдаў параўноўвывалі са свежымі ДНК ад еўразійскіх крыўкоў і афрыканскіх сабратаў.

Генетычны аналіз паказаў, што канарскія крыўкі генетычна вельмі блізкія да еўразійскіх, і, па-сутнасці, павінны лічыцца адным відам. Падвідавы статус падкрэслівае выразна іншую афарбоўку і параўнальна непрацяглую ізаляцыю кулікоў, якія жылі на некаторых астравах Канарскага архіпелага.

Прычыны, якія прывялі да знікнення канарскіх крыўкоў, да канца не зразумелыя. Аднак, па аналогіі з іншымі знікненнямі астраўных птушак, да гэтага прывялі выпушчаныя на астравы каты і козы, а таксама паляванне на кулікоў.

Пасля публікацыі міжнародныя таксанамічныя сістэмы – між іншых ІОС (International Ornithological Congress) і Birdlife International – павінны вырашыць, ці змяншаць статус канарскага куліка-крыўка з відавога да падвідавога.

Д-р Александр Лііз (Dr Alexander Lees), старэйшы выкладчык у Manchester Metropolitan University і сааўтар публікацыі, сказаў: "Хаця канарскі кулік-крывок аказаўся менш адасобленым таксонам, чым мы лічылі раней, тым не менш гэта была як мінімум вельмі ўнікальная папуляцыя і яе страта яшчэ раз падкрэслівае наколькі ўразлівымі з’яўляюцца астраўныя птушкі. Канарскія крыўкі – не першыя птушкі, якія зніклі на гэтым архіпелагу, але мы абавязаны зрабіць усё, каб усе іншыя захаваліся”.

 Крыніца:

Tereza Senfeld et al. 2019: doi.org/10.1111/ibi.12778

Паводле www.rarebirdalert.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Людзі знішчылі больш за 10% усіх відаў птушак Свету, калі каланізавалі ціхаакіянскія астравы

Дзесяць астраўных відаў птушак, якіх мы страцілі назаўсёды

У які бок змяняліся птушкі астравоў

Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу

Знойдзены невядомы від гіля, вынішчаны чалавекам на Азорах

Невядомая ахвяра Другой Святовай вайны

Загадкавы “ліверпульскі голуб” аказаўся крэўным дронта

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.