Людзі знішчылі больш за 10% усіх відаў птушак Свету, калі каланізавалі ціхаакіянскія астравы

 Каля 4 тысяч гадоў таму пачалася паступовая, але параўнальна хуткая каланізацыя продкамі палінезійцаў астравоў і архіпелагаў практычна па ўсяму Ціхаму акіяну. На працягу прыкладна тысячы наступных гадоў яны займалі востраў за востравам, якія дагэтуль не бачылі чалавека. Гэтыя перасяленні распачалі новую эру ў распаўсюджанні людзей, аднак сталі канцом для больш за тысячу відаў птушак – пра гэта кажуць навукоўцы ў артыкуле, які апублікаваны ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences (PNAS). 

Навукоўцы даўно ведалі, што масавае знікненне відаў на многіх аддаленых астравах адбылося пасля пранікнення на іх чалавека. Аднак ацаніць поўны маштаб знікненняў было складана. 

"Параўнальна няшмат выкапневых парэшткаў было знойдзена на большасці з даследаваных астравоў.” – пішуць аўтары артыкула. "Таму многа зніклых відаў яшчэ чакаюць свайго адкрыцця, што дапаможа ўдакладніць не толькі іх колькасць, але і таксанамічныя групы, якія сталі ахвярамі каланізацыі астравоў гэтага рэгіёну чалавекам”. 

Дзякуючы выкарыстанню складаных матэматычных мадэляў, міжнародная каманда даследчыкаў змагла закрыць белыя плямы ў палеанталогіі астраўных ціхаакіянскіх птушак і ацаніць колькасць зніклых відаў. 

"Мы вывучылі выкапневыя парэшткі з 41 трапічнага вострава Ціхага акіяна і выкарысталі новыя метады аценкі таго, як многа іншых відаў птушак былі вынішчаныя без знойдзеных пра іх існаванне слядоў” - растлумачыў Цім Блэкбарн (Tim Blackburn), сааўтар даследавання, дырэктар Інстытуту заалогіі Zoological Society of London's (ZSL). "Калі мы таксама возьмем у разлік усе іншыя астравы ў трапічнай зоне Ціхага акіяну, марскіх птушак і вераб’іных, колькасць зніклых тут відаў будзе каля 1300”. 

Найчасцей мясцовыя птушкі сталі ахвярамі камбінацыі знішчэння лясоў і непасрэднага палявання на іх. Найбольш пацярпелай ад чалавека групай сталі невераб’іныя птушкі: вадаплаўныя, бажаны і іншыя курыныя. У адсутнасць драпежнікаў многія з гэтых відаў хутчэй за ўсё страцілі здольнасць да палёту, што зрабіла іх лёгкай здабычай для палінезійцаў. Паводле разлікаў, нелятаючыя віды птушак мелі ў 33 разы большыя шанцы быць вынішчаныя людзьмі, чым лятаючыя. Акрамя гэтага, эндэмікі (тыя віды, якія сустракаліся толькі на адным з астравоў) “павялічвалі” шанцы на знікненне яшчэ ў 24 разы. 

Калі аценка навукоўцаў у 1300 зніклых на ціхаакіянскіх астравах відаў правільная, то гэта азначае, што за некалькі сотняў гадоў былі вынішчаныя больш за 10% сусветнай авіфауны. Сёння навукоўцы прызнаюць каля 10 тысяч відаў птушак, якія засталіся на нашай планеце. Аднак не толькі палінезійцы вінаватыя ў хвалі знікненняў. Праз доўгі час пасля першай каланізацыі астравоў, еўрапейскія перасяленцы прычыніліся да вынішчэння яшчэ 40 відаў птушак.

Самая нядаўняя магчымая ахвяра чалавека на гэтых астравах - зубадзюбы голуб (Didunculus strigirostris) з Самоа.

Крыніца:

 Richard Duncan, Alison Boyer, and Tim Blackburn. Magnitude and variation of prehistoric bird extinctions in the Pacific. PNAS. 2013. 

 

Паводле www.news.mongabay.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by   

Здымак з www.natureworldnews.com 

На гэтую тэму:

 Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

 Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей

 Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак  

 Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення

BirdLife International объявила угрожаемыми больше птиц, чем когда-либо перед этим

 Апошняя надзея для кузіна дронта