У які бок змяняліся птушкі астравоў

Параўнаўчае даследаванне знайшло два асноўныя даўгачасовыя трэнды зменаў, якія адбываюцца з птушкамі на астравах.

Галоўны сааўтар работы Наталі Райт (Natalie Wright) тлумачыць: “Пошук агульных трэндаў эвалюцыі знешняй будовы, памераў і афарбоўкі жывёл часта застаўляе нас без зразумелага выніку. Эвалюцыя часта застаецца непрадказальнай і прыводзіць да ўзнікнення розных формаў у розных месцах, таму мы вельмі радыя, што нам атрымалася знайсці агульны трэнд для астраўных птушак”.

Шырока вядома, што прадстаўнікі некаторых таксонаў птушак пасля каланізацыі астравоў, вольных ад драпежнікаў, станавіліся няздольнымі да палёту. Аднак, як уяўляецца, гэтая тэндэнцыя прасочваецца толькі на прыкладзе некаторых сямействаў, такіх, напрыклад, як пастушковыя, якія і так амаль увесь час праводзяць на зямлі. Райт з калегамі спрабавала знайсці агульную тэндэнцыю зменаў для усіх птушак астравоў – нават для тых, якія вымушаны лятаць каб здабыць ежу. Для гэтага каманда навукоўцаў сканцэнтравала сваю ўвагу на тых эндэміках астравоў, якія могуць лятаць і параўнала тэндэнцыі іх эвалюцыі з нелятаючымі відамі.

Атрымалася, што ў лятаючых астраўных эндэмікаў утварыліся меншыя мышцы для палёту і больш доўгія ногі. Падобная тэндэнцыя была і ў нелятаючых птушак астравоў. На астравах, дзе было менш драпежнікаў тэндэнцыя да страты здольнасці да палёту была больш выразнай.

“Для мяне было б шокам, калі б я ўбачыла калібры, танагра або садавінную туркаўку зусім няздольных да палёту – бо палёт дазваляе ім заставацца тымі, кім яны ёсць. Аднак і ў такіх відаў на астравах змяншаюцца памеры палётнай мускулатуры тады, калі драпежнікі дазваляюць ім гэта” – сказала Райт.

Параўнанні праводзіліся на усіх відах птушак астравоў у залежнасці ад агульнай плошчы астравоў, відавой разнастайнасці арнітафауны, колькасці відаў-драпежнікаў сярод абарыгенных птушак і звяроў. Менавіта камбінацыя апошніх двух фактараў (разнастайнасць відаў-драпежнікаў) была знойдзена адказнай за агульныя тэндэнцыі эвалюцыі мясцовых відаў птушак.  

Калі драпежнікаў няма, то неабходнасць у вялікай і моцнай палётнай мускулатуры знікае і птушкі могуць эканоміць на гэтым значную энергію. Замест гэтага з’яўляецца больш сэнсу ў моцных і доўгіх нагах, ад якіх астраўныя птушкі ўсё больш залежаць для перамяшчэння. Акрамя гэтага, такія доўгія ногі даюць магчымасць лятаючым відам мець менш моцныя мышцы крылаў, бо дапамагюць у выпадку неабходнасці ўзняцца ў паветра з дапамогай моцнага падскоку.  

Знойдзеная эвалюцыйная тэндэнцыя дапамагае растлумачыць даўно вядомы факт таго, што астраўныя віды вельмі ўразлівыя да інтрадукаваных драпежнікаў. Многія навукоўцы, уключна з Чарльзам Дарвінам, адзначалі адсутнасць страху астраўных эндэмікаў у адносінах да драпежнікаў. Растлумачыць гэта спрабавалі “даверам да незнаёмых стварэнняў”, аднак цяпер можна спрабаваць растлумачыць падобныя паводзіны і слабай палётнай мускулатурай, што змяншае хуткасць уцёкаў.

Часта астравы становяцца цэнтрамі высокага ўзроўню дывергенцыі для тых відаў, якія туды трапяць раней. Бо геаграфічная ізаляцыя значна абмяжоўвае ці нават выключае абмен генетычным матэрыялам з продкавымі папуляцыямі. Аднак тэндэнцыя да значнага змяншэння палётнай мускулатуры ці ўвогуле яе адсутнасці змяншае таксама імавернасць каланізацыі такімі відамі новых тэрыторый.

Крыніца:

Wright, N A, Steadman, D W, and Witt, C C. 2016. Predictable evolution toward flightlessness in volant island birds. PNAS doi.10.1073/pnas.1522931113

 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Як забівалі маўрыкійскіх дронта ў – малюнак з www.bbc.com 

 

 

На гэтую тэму:

Як не страціць дронта яшчэ раз: гісторыя пра яго вынішчэнне і знаходкі

Вызначаныя ўсё віды моа  

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

Бліжэйшыя крэўныя ківі знойдзены на… Мадагаскары

АПОШНЯЯ НАДЗЕЯ ДЛЯ КУЗЭНА ДРОНТА

Новыя поспехі ў выратаванні какапо