Міжнародная каманда даследчыкаў з дапамогай радараў для прагнозаў надвор’я і ўлікаў птушак ‘на зямлі’ паспрабавала выявіць якія групы апошніх найбольш і на якой адлегласці пакутуюць ад навагодніх фаерверкаў. Аказалася, што птушкі стараюцца адляцець далей ад месца запуску салютаў на адлегласці нават да 10 км.
"Мы ужо ведалі, што многія вадаплаўныя птушкі вельмі нярвова рэагуюць на фаерверкі, але у гэтым даследаванні мы стараліся больш даведацца таксама пра іншыя групы птушак, якія зімуюць у Нідэрландах” - сказаў Bart Hoekstra з University of Amsterdam.
Аказалася, што ў навагоднюю ноч у паветра ўздымаюцца ў сярэднім у 1000 раз больш птушак паблізу ад месцаў запуску фаерверкаў, чым у іншыя ночы. Прычым у пікавы на запускі час гэтая лічба ўзрастае нават ад 10 да 100.000 разоў! Эфект (у колькасці птушак, якія стараюцца адляцець) найбольш моцны на адлегласці да 5 км ад запуску салюта(ў), але ў радыюсе нават да 10 км усё яшчэ назіраюцца птушкі ў паветры ў колькасці ў дзесяткі разоў большыя, чым ў ‘нармальныя’ ночы.
"Птушкі ўзлятаюць з-за раптоўнага яркага святла і выбухаў. У такой краіне, як Нідэрланды, дзе іх зімуе шмат, мы можам казаць пра мільёны асобін, якія стараюцца адляцець ад месца запуску фаерверкаў /у навагоднюю ноч/” - сказаў Hoekstra.
Аналіз дадзеных, атрыманых з радараў толькі навокал мясцовасцяў Den Helder і Herwijnen паказаў, што амаль 400 тысяч птушак узляцелі адразу пасля пачатку навагодніх фаерверкаў. Hoekstra ўдакладніў: "Птушкі большых памераў, такія як гусі, качкі і чайкі пасля пачатку фаерверкаў лятаюць на рознай вышыні і не сядаюць нідзе ў сярэднім на працягу гадзіны. У выніку птушкі могуць апынуцца ў месцах з кепскім надвор’ем або ў незнаёмых мясцінах таму, што ляцяць у паніцы”.
З-за таго, што паводле праведзеных зімовых улікаў 62% усіх птушак, якія зімуюць у Нідэрландах, знаходзяцца ў радыюсе ўсяго 2,5 км ад заселенных людзьмі тэрыторый, рызыка фаерверкаў і розных небяспекаў, звязаных з імі існуе для мільёнаў пярнатых у гэтай краіне.
"Актыўны палёт патрабуе шмат энергіі, таму, у ідэале, у зімовыя месяцы турбаванне птушак павінна быць мінімальным. Асабліва гэта важна для відаў, якія зімуюць на адкрытых тэрыторыях, такіх як сельгаспалеткі або лугі, таму што негатыўнае ўздзеянне фаервераў меншае каля лясоў і падобных біятопаў. У дадатак дробныя віды птушак, такія як сініцы ці в’юрковыя, звычайна не адлятаюць далёка пасля фаерверкаў.”
Аўтары даследавання пішуць пра неабходнасць усталявання зон, вольных ад фаерверкаў там, дзе зімуюць у вялікай колькасці птушкі вялікіх памераў. Зразумела, што падобныя зоны могуць мець меншыя памеры там, дзе святло і гук ад выбухаў салютаў і петардаў фізічна могуць распаўсюджвацца на меншую адлегласць - напрыклад, каля лясоў. Аднак найлепш запуск фаерверкаў абмежаваць толькі цэнтральнымі часткамі гарадоў з густой забудовай, дзе трымаецца найменш птушак, а таксама лепш абмежавацца светлавымі або вогненнымі шоу без выбухаў.
Крыніца: Hoekstra et al, 2023. Fireworks disturbance across bird communities, Frontiers in Ecology and the Environment. DOI: 10.1002/fee.2694
Паводле www.phys.org (тэкст і ілюстрацыя) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
(a) Вертыкальна інтэграваная рэфлектыўнасць (Vertically integrated reflectivity (VIR)) ад двух радараў для прагнозаў надвор’я выразна паказвае вялікую колькасць птушак у паветры навокал іх у навагоднюю ноч. (b) Агульны радарны сектар перасячэння (radar cross-section (RCS)), колькасць, памер і размяшчэнне птушак на зямлі паводле сістэматычных зімовых нацыянальных улікаў. Цёмна-карычневыя ўчасткі ўнутры сектараў радараў - тэрыторыі, дзе зімовых улікаў не было. (c) Асноўныя тыпы месцапражыванняў і іх размяшчэнне ў сектарах, якія ‘бачаць’ радары.
На гэтую тэму:
З-за фаерверкаў гусі шукаюць іншае месца начлегу на адлегласці нават да 500 км
Шэрым гусям патрэбна нават да 4 гадзін, каб супакоіцца пасля фаерверкаў
Наколькі важна не памыляцца ў вызначэнні небяспекі і як на яе рэагуюць розныя птушкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ