Амаль усе віды жывёл маюць ворагаў – драпежнікаў, якія могуць пагражаць іх жыццю, але часам яны робяць памылкі ў сытуацыях, калі насамрэч рэальнай небяспекі ад драпежнікаў няма. І птушкі не ёсць выключэннем.
Правільна вызначыць драпежніка на адлегласці, якая дазваліла б бяспечныя ўцёкі – часта складаная задача. Дадаткова яна ўсладняецца тым, што патэнцыйная ахвяра займаецца адначасова рознай актыўнасцю: харчуецца, чысціць пёры, спявае або выконвае іншыя дзеянні па прыцягненні ўвагі партнёра ці суперніка.
Таму рабіць гэта лягчэй у групе, дзе частка асобін, на змену, могуць займацца толькі сачэннем за наваколлем. І калі адна ці больш асобін з групы заўважаць драпежніка, яны дзеляцца гэтай інфармацыяй з іншымі, або наўпрост - звычайна спецыфічным гукавым сігналам, або апасрэдавана, зменай паводзін і падрыхтоўкай да адлёту. Такім чынам, усе чальцы групы могуць адляцець, паспрабаваць схавацца або падрыхтавацца да актыўнай абароны.
Аднак не заўсёды гэтая інфармацыя пра небяспеку з’яўляецца праўдзівай. Больш паловы крыкаў пра драпежніка шэрых гусей (Anser anser) у групах адбываюцца, калі драпежніка(ў) яўна няма нідзе побач.
Але ў гайанскіх скальных пеўнічкаў (Rupicola rupicola) доля фальшывых папярэджанняў пра небяспеку яшчэ большая і перавышае 70%. І гэта яшчэ не ‘рэкорд’: у чародах малых пясочнікаў (Calidris pusilla) і бурагаловых сініц (Poecile montanus) няправільнае вызначэнне іншых відаў птушак як драпежных і небяспечных адбывалася нават ў 75% выпадкаў.
Імавернасць памылковых сігналаў трывогі
Памылковая трывога, хаця і вельмі распаўсюджаная і параўнальна частая падзея ў розных групах жывёл, яе імавернасць залежыць ад камбінацыі трох галоўных фактараў:
наколькі знешні выгляд і паводзіны драпежніка лёгка распазнавальныя;
ступень небяспекі драпежніка;
‘кошты’ апавяшчэння пра небяспеку і ўцёкаў ад яе (ад драпежніка).
У тых выпадках, калі дрпежніка цяжка вызначыць менавіта як драпежніка з-за яго падабенства з недрапежнікам або спецыфічных паводзін, якія аблягчаюць яму магчымасць наблізіцца на небяспечную адлегласць да патэнцыйных ахвяраў, імавернасць памылкі і абвяшчэння фальшывай трывогі значна павялічваецца. І звычайна прычынамі гэтага бываюць незвязаныя з ‘сапраўднымі драпежнікамі’ гукі ці рухі іншых жывёл.
Для некаторых відаў атака пэўнага драпежніка нашмат больш небяспечная, чым для іншых проста таму, што яны не маюць магчымасць хуткіх уцёкаў або эфектыўнай абароны ад яго. Для іх ігнараванне сапраўднай небяспекі і абвяшчэння трывогі можа скончыцца смерцю, таму ў падобных выпадках лепш уцякаць, адлятаць ці хавацца нават тады, калі трывога памылковая, чым прапусціць сапраўдную небяспеку нават калі папярэджаны пра яе.
Бурагаловыя сініцы звычайна падаюць сігнал трывогі калі бачаць нашмат большыя за іх аб’екты ў небе, якія самастойна перасоўваюцца: напрыклад, самалёты ці варон. Гэтак адбываецца таму, што звычайна пад час атак шуляка-карагольчыка на іх, які стараецца хавацца да апошняга, у іх вельмі невялікія шанцы застацца ў жывых. Таму кошты дзеянняў пад час памылковых трывог непараўнальна меншыя за выпадкі, калі пасля сапраўднай атакі драпежніка вельмі рэальна загінуць.
Аднак магчымы змены паводзін у адказ на сігналы трывогі ў залежнасці ад сытуацыі і нават фізіялагічнага стану птушак. Так, малыя пясочнікі павялічваюць амаль удвая масу цела пад час адпачынку і інтэнсіўнага харчавання (гіперфагіі) перад пачаткам міграцыі. Памылковыя сігналы трывогі аказаліся больш рэдкімі па меры таго, як маса птушак павялічвалася.
Каму верыць?
Памылковыя сігналы трывогі ствараюць сур’ёзную праблему для жывёл, якія жывуць у групах.
Калі яны адказваюць на неіснуючыя пагрозы зачаста, яны трацяць шмат энергіі і часу замест таго, каб аднаўляць яе ці займацца іншымі, важнымі для выжывання справамі. Шэрыя гусі, напрыклад, у сярэднім трацяць 19 хвілін замест і пад час харчавання на кожны выпадак памылковай трывогі. Калі падобных выпадкаў на працягу дня будзе шмат, гэта можа аказацца значным фактарам недабору масы цела для паспяховай зімоўкі, пералётаў ці размнажэння.
Аднак калі жывёлы будуць зачаста ігнараваць сігналы трывогі, яны рызыкуюць прапусціць сапраўдныя і драпежнік зловіць некага з іх. Таму натуральны адбор спрыяе распаўсюджанню розных стратэгій, якія дапамагаюць зменшыць распаўсюджанне менавіта памылковых сігналаў трывогі.
У некаторых відаў грызуноў, прадстаўнікоў розных відаў крумкачовых і прыматаў чальцы групы запамінаюць асобін, трывожным сігналам якіх лепш не давяраць і з часам проста не рэагуюць на іх.
Многія віды, якія аб’ядноўваюцца ў групы, таксама могуць выкарыстоўвываць калектыўнае прыняцце рашэнняў. Калі толькі нехта адзін з вялікай групы асобін падымае трывогу, хутчэй за ўсё гэта памылка ў параўнанні з тым, калі пра небяспеку сведчаць адначасова некалькі асобін ці пра яе паведамляе ўсё большая колькасць чальцоў групы. У падобных выпадках уся група рэагуе толькі тады, калі пра небяспеку паведамляе нейкая мінімальная колькасць яе чальцоў.
Так, напрыклад, кулікі-случкі (Tringa totanus) узлятаюць адразу, калі чуюць адначасова некалькі сігналаў трывогі ў групе. Але калі адпаведны сігнал паступае толькі ад адной птушкі, іншыя перш чым узляцець, прыпыняюць харчаванне ці інкубацыю яек на гнёздах і пільна назіраюць за наваколлем.
Паводле https://theconversation.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак куліка-случка Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
ШЭРЫМ ГУСЯМ ПАТРЭБНА НАВАТ ДА 4 ГАДЗІН, КАБ СУПАКОІЦЦА ПАСЛЯ ФАЕРВЕРКАЎ
Каўкі аказаліся дэмакратычнымі птушкамі
Каўкі і моббінг драпежніка: збірацца больш трох значна лягчэй
Каўкі вучацца адна ад адной пра небяспечных людзей
Добрыя суседзі дапамагаюць птушкам жыць даўжэй
Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ