Смяротнасць птушак на польскіх дарогах: колькі, дзе і калі?

На аснове агульнапольскіх дадзеных, сабраных за больш, чым 20 гадоў дзякуючы грамадзкай навуцы, польскія даследчыкі падрыхтавалі агляд смяротнасці дзікіх птушак на польскіх дарогах рознага адміністратыўнага ўзроўню.

Публікацыя атрыманых лічбаў і высноваў, зробленых на іх аснове - гэта першая спроба для краіны. Дадзеныя, якія аналізаваліся, збіраліся дзякуючы вялікай колькасці ‘простых’ удзельнікаў на працягу 2001-22 гг на партале Жывёлы на дарозе - Агульнапольскі рэстр дарожных сутыкненняў з жывёламі (Zwierzęta na Drodze – Ogólnopolski Rejestr Kolizji Drogowych ze Zwierzętami) www.zwierzetanadrodze.pl. Усяго атрымалася прааналізаваць 6109 выпадкаў, якія адносіліся да 6402 мёртвых птушак.

Сярод ахвяр сутыкненняў з аўтамабілямі на польскіх дарогах былі адзначаны мін 133 віды птушак, у тым ліку 19 рэдкіх або знікаючых у краіне. Найбольш сутыкненняў, занесеных на партал (45%), адбылося на тэрыторыях гарадоў і ў сельскай мясцовасці, а сярод ахвяр дамінавалі птушкі антрапагенных мясцін: шызы голуб (Columba livia forma urbana), чорны дрозд (Turdus merula), дамовы верабей (Passer domesticus), вясковая ластаўка (Hirundo rustica).

Гібель птушак на дарогах не была раўнамернай на працягу году - найбольш птушак загінула ад сутыкненняў вясной і летам (сакавік-жнівень, 81,3% ад усіх ахвяраў з пікам у траўні) і найменш зімой (снежань-люты; 5,2%). У больльшасці няшчасных выпадкаў загінулі асобныя птушкі, аднак былі і сутыкненні, у якіх загінула ад 2 да 18 асобін (напрыклад, юркоў (Fringilla montifringilla), гракоў (Corvus frugilegus), палявых вераб’ёў (P. montanus)).

Найбольш паведамленняў пра сутыкненні аўтамабіляў з птушкамі было атрымана пра дарогі паміж паветамі і гмінамі (50%), аднак калі пералічыць на працягласць дарог у км, то найбольш птушак загінула на аўтастрадах  (0,11 асобін/км).

Крыніца: Karol Kustusch, Andrzej Wuczyński 2023 Śmiertelność ptaków na drogach w Polsce – wyniki ogólnokrajowych badań opartych na nauce obywatelskiej, Ornis Polonica 64: 288–312

Паводле www.ornis-polonica.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Птушкі ведаюць, з якой хуткасцю павінны ездзіць аўтамабілі

Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак