Дагэтуль лічылася, што ў Свеце зебравых амадзін (Taeniopygia guttata) самцы спяваюць, а самкі іх толькі слухаюць. Аднак новае даследаванне каманды нямецкіх навукоўцаў з Max Planck Institute for Biological Intelligence даволі нечакана карэктуе гэтае традыцыйнае ўяўленне.
Аказваецца, што самкі зебравых амадзін граюць даволі актыўную і крытычна важную ролю ў час, калі іх птушаняты вучацца спяваць. Яны пазыўкамі адказваюць на спробы спеваў сваіх сыноў, а гэта актывуе нейронны ланцуг у мазгу апошніх. Такім чынам, адваротная сувязь з боку самак наўпрост неабходная, каб навучанне спевам маладымі самцамі працягвалася і іх песні станавіліся ўсё больш складанымі.
Як і ў многіх іншых відаў птушак, толькі птушаняты-самцы ў зебравых амадзін здольныя навучыцца тыповай відавой песне на прыкладзе ‘настаўніка’, якім звычайна з’яўляецца бацька. Першыя тры месяцы птушаняты толькі слухаюць, а ўжо пазней пачынаюць спрабаваць паўтараць песню, якую чулі ўвесь гэты час і паступова ‘ствараюць’ сваю версію, якую потым выконваюць да канца жыцця.
Самкі не спяваюць, аднак іх пазыўкі дапамагаюць ім падтрымліваць кантакт і знаходзіць узаемапаразуменне (пераважна з партнёрам). Таму звычайна навучанне спевам і змены ў іх даследчыкі вывучалі выключна на самцах, прапускаючы магчымую ролю ў гэтым самак (мам).
Калі маладыя самцы пачынаюць спяваць, мамы не толькі слухаюць іх спробы, але і актыўна адказваюць спецыфічнымі пазыўкамі. Менавіта гэтыя пазыўкі, як знайшлі навукоўцы, ёсць трыгерамі, якія запускаюць нейронны ланцуг у мазгу маладых самцоў. Гэта, у сваю чаргу, пазітыўна ўздзейнічае на працэс навучання спевам і дазваляе больш дакладна капіраваць песню бацькі.
Крыніца: Linda Bistere et al, Female calls promote song learning in male juvenile zebra finches, Nature Communications (2024). DOI: 10.1038/s41467-024-53251-z
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.itvscience.com
На гэтую тэму:
Паказана яшчэ адна функцыя спеваў для птушак на прыкладзе зебравых амадзін
Птушкі могуць адрозніваюць шматлікіх суседзяў таго ж віду толькі па голасу
Лакальныя дыялекты спеваў дапамагаюць птушкам правільна выбіраць партнёра
Чым больш братоў-сёстраў у гняздзе, тым больш камунікабельнымі вырастаюць птушаняты
Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ