Сыны менш дапамагаюць бацькам гадаваць новае пакаленне таму, што занятыя сваім будучым жыццём

У многіх відаў птушак, якія гняздуюць кааператыўна і ў якіх папярэдняе патомства дапамагае сваім бацькам гадаваць наступнае, звычайна адзін з палоў удзельнічае ў гэтым значна больш, чым іншы. Дагэтуль прычыны падобных паводзін заставаліся незразумелымі, але нядаўняе даследаванне вялікай каманды навукоўцаў з Шатландыі змагло праліць святло на гэты фенамен.

Работа па адсочванні гнездавых паводзін і перамяшчэнняў белабровых вераб’іных ткачыкаў (Plocepasser mahali), якія гняздуюць кааператыўна вялікімі сем’ямі, праводзілася даследчыкамі з Centre for Ecology and Conservation, University of Exeter (Шатландыя) у пустыні Калахары (Паўднёвая Афрыка).

У гэтых ткачыкаў у кожнай сям’і размнажаюцца толькі дамінантныя пары, якім дапамагае іх папярэдняе патомства і асабліва дочкі. Яны актыўна кормяць сваіх сіблінгаў з новага пакалення.

"Маладыя самкі ткачыкаў значна больш дапамагаюць у кааператыўным гнездаванні, чым іх брацця-самцы і дачкі застаюцца з бацькамі даўжэй чым апошнія” - сказаў Dr. Pablo Capilla-Lasheras, першы сааўтар публікацыі па выніках даследавання. "Галоўнай нашай гіпотэзай каб растлумачыць гэтыя адрозненні была наступная: тыя з маладых птушак, якія застаюцца ў групе даўжэй і больш дапамагаюць бацькам, спадзяюцца на падобную дапамогу з іх боку ў будучыні, таму і застаюцца ў групе”.

Пасля больш, чым 10-ці гадовых назіранняў з выкарыстаннем трэкераў, каманда даследчыкаў прыйшла да высновы, што іх галоўная гіпотэза памылковая.

"Нашы дадзеныя сведчаць пра альтэрнатыўнае вытлумачэнне, якое нашмат менш прыцягвала нашу ўвагу на пачатку” - сказаў Dr. Andrew Young, кіраўнік праекту ў Калахары. "Замест гэтага аказалася, што маладыя самцы-сыны дапамагаюць бацькам менш таму, што раней за сваіх сёстраў пачынаюць шукаць магчымасці для заняцця новых тэрыторый і гнездаваць там самастойна. І гэтыя пошукі перашкаджаюць ім прысвячаць шмат часу дапамозе ў сямейнай групе”.

Такім чынам, даследчыкі прапануюць разглядаць пацверджаную імі гіпотэзу ('dispersal trade-off hypothesis') як магчыма больш універсальную для тлумачэння меншага ўдзелу аднаго з палоў у кааператыўным размнажэнні і ў іншых відаў жывёл.

Крыніца: Pablo Capilla-Lasheras et al. 2024 Evolution of sex differences in cooperation can be explained by trade-offs with dispersal, PLoS Biology (2024). DOI: 10.1371/journal.pbio.3002859

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Philippe BOISSEL

 

На гэтую тэму:

Птушкі дапамагаюць іншым гадаваць патомства калі не хапае партнёраў для ўласнай спробы

Аптымальны памер груп для размнажэння розны для самцоў і самак афрыканскіх страусаў

Як зебравыя амадзіны-мамы дапамагаюць сынам спяваць лепш

Чым больш братоў-сёстраў у гняздзе, тым больш камунікабельнымі вырастаюць птушаняты