Двум крыўкам, адзначаным жывымі ў Англіі, больш за 40 гадоў!

крывок

Гэтай зімой валанцёрам, якія лічылі птушак у заліве the Wash, які знаходзіцца на ўсходнім узбярэжжы Англіі ў Норфалку, пашанцавала двойчы. Між іншага, яны ўбачылі і змаглі прачытаць кольцы на двух крыўках (Haematopus ostralegus), абодвум з якіх аказалася больш за 40 гадоў.

Дзякуючы дадзеным, атрыманым з Цэнтра кальцавання, аказалася, што адна з птушак была акальцавана хутчэй за ўсё не вельмі далёка ад заліву ў прыродным рэзерваце ў 1983 годзе і цяпер яе ўзрост 41 год і 8 месяцаў.

Другі крывок ‘быў прачытаны’ праз некалькі тыдняў пасля першага і калі яго акальцавалі ў 1982 годзе, ужо меў узрост як мінімум 3 гады. Таму цяпер яму не менш 46 гадоў! Цікава, што крывок прыкладна такога ж узросту быў адзначаны раней і ў Нідэрландах.

Як многія марскія і птушкі ўзбярэжжаў, крыўкі могуць жыць доўга і часам дажываюць да 20 ці 30 гадоў, аднак іх сярэдняя працягласць жыцця складае ўсяго 12 гадоў.

Jacquie Clark, з Wash Wader Research Group (прыродаахоўнага таварыства, якое між іншага кальцуе кулікоў у аднайменным заліве), сказала: “Было вельмі прыемна знайсці першага крыўка (з кальцом), які аказаўся самым старым прадстаўніком віду ў Злучаным каралеўстве, аднак усе мы былі здзіўлены пасля таго, як гісторыя паўтарылася праз некалькі тыдняў. Знайсці яшчэ больш старую птушку тут, у заліве the Wash, проста неверагодна і гэта паказвае наколькі вялізарную ролю граюць прыбярэжныя забалочаныя мясціны для гэтых птушак.”

Крыўкі не жывуць у заліве круглы год і прылятаюць туды толькі на зімоўку.

Jim Scott, прадстаўнік RSPB у бліжэйшых да месца назірання кулікоў з кольцамі рэзерватах таварыства, сказаў: “The Wash - самае важнае асобнае забалочанае ўзбярэжжа ў Вялікабрытаніі для мігрантаў і зімоўкі кулікоў, качак і гусей. Штогод тут прыпыняюцца да 400 тысяч водна-балотных птушак. Да 26 тысяч з іх - гэта крыўкі, што робіць гэтае месца міжнародна важным для гэтага віду і многіх іншых. І рэгістрацыя гэтых двух кулікоў-доўгажыхароў падкрэслівае наколькі важна захаваць гэтыя забалoчаныя тэрыторыі на ўсходнім узбярэжжы Англіі”.

Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Паўла Лычкоўскага

 

На гэтую тэму:

Самая старая дзікая птушка змяніла партнёра і адклала яшчэ адно яйка

Старасць – зусім не перашкода ў поспеху гнездавання

Самая старая брытанская палярная крычка была знойдзена мёртвай у Шатландыі

Неверагодны рэкорд доўгажыхарства ад куліка-крыўка

Самы стары еўрапейскі арол-маркут дагэтуль жыве ў Фінляндыі

Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства