
Брытанскія даследчыкі, якія апошнія 75 гадоў дэталёва вывучаюць розныя праяўленні жыццёвага цыклу дзікіх вялікіх сініц (Parus major), змаглі паказаць, што прадстаўнікі віду, якія наўрацці застануцца разам з папярэднім партнёрам, дэманструюць гэта задоўга да пачатку новага сезону гнездавання.
Для манагамных відаў, якія размнажаюцца толькі з адным партнёрам пад час кожнага выпадку гнездавання, яго правільны выбар вельмі важны для поспеху. Папярэднія даследаванні спрабавалі паказаць, чаму адны пары застаюцца разам для наступнага гнездавання, тады як іншыя расстаюцца адно з адным. Аднак дагэтуль заставалася незразумелым, калі пачынаюць праяўляцца адпаведныя паводзіны і ў чым яны заключаюцца ў пасядзённым жыцці птушак.
У большасці папуляцый дзікіх птушак адсачыць, заўважыць і правільна зразумець нейкія своеасаблівыя моманты ў паводзінах былых партнёраў надзвычай цяжка. Аднак для доўгатэрміновых даследаванняў той самай папуляцыі вялікіх сініц, якую арнітолагі назіраюць 78 апошніх гадоў у лесе Wytham, гэта атрымалася.
Аказалася, што першыя яўныя праявы будучага расстання партнёраў адзначаюцца яшчэ ўзімку, задоўга да наступнага гнездавога сезону. Партнёры, якія больш не будуць гнездаваць разам, праводзяць з сабой нашмат менш часу разам чым тыя, якія будуць разам ізноў у наступным сезоне. Такія прадстаўнікі былых пар могуць нават адведваць птушыныя сталоўкі ў розны час.
Каб атрымаць такія дэталёвыя дадзеныя для вялікай колькасці асобін, даследчыкі выкарыстоўвалі запісы паводзін сініц вакол птушыных сталовак, на якіх былі ўсталяваныя прылады для індывідуальнага распазнавання чыпаў на сініцах (Radio-Frequency Identification technology (RFID)). Дзякуючы гэтаму, былі створаны прасторавыя мапы знаходжання птушак для кожнай з іх у розныя перыяды.
Гэтыя дадзеныя параўновывалі з інфармацыяй пра мінулае і будучае фармаванне пар і яны ясна паказалі, што партнёры, якія заставаліся разам на наступны гнездавы сезон, прыляталі на сталоўкі разам значна часцей, чым тыя асобіны, якія больш не збіраліся гэтага рабіць.
Крыніца: Timing and social dynamics of divorce in wild great tits: a phenomenological approach, Proceedings of the Royal Society B Biological Sciences (2025). DOI: 10.1098/rspb.2024.3065
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Ірыны Самусенка
На гэтую тэму:
Самае працяглае даследаванне той самай папуляцыі птушак адзначае 75-годдзе
КАНФАРМІЗМ І НОНКАНФАРМІЗМ У ПТУШАК НА ПРЫКЛАДЗЕ ВЯЛІКІХ СІНІЦ
Пасля няўдачы з першым партнёрам, сініцы шукаюць у дадатак да яго іншых
Хто каго выбірае ў вялікіх сініц і чаму?
Вялікія сініцы менш застрэсаваныя ў гарадзкіх папуляцыях у параўнанні з ляснымі
Птушкі розныя патрэбны, птушкі розныя важны
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ