На прыканцы кастрычніка аслабленую драпежную птушку знайшлі недалёка ад мясцовасці Thyez у Французскіх Альпах. Яна аказалася барадачом (Gypaetus barbatus) і дзякуючы кальцу атрымалася даведацца не толькі пра тое, што яму ўжо 37 гадоў, але і ўзгадаць гісторыю рэінтрадукцыі віда ў Еўропе.
Разам з іншымі маладымі барадачамі, гэты самец па мянушцы 'Balthazar', вылупіўся ў лютым 1988 году ў рамах праграмы па развядзенні віда і пазней у тым самым годзе быў выпушчаны ў прыроду. Праз 11 гадоў, у 1997 г., ён стаў першым самцом, які ўпершыню пасля шматгадовага перапынку паспяхова адгнездаваў у Альпах і з таго часу дзякуючы яму, таксама ў прыродзе, вывеліся 15 птушанят, патомства якіх пераваліла за лічбу 30.

Balthazar з іншым маладым барадачом перад выпускам у прыроду ў Французскіх Альпах у 1988 годзе.
Штогадовыя назіранні за ім і яшчэ двумя птушкамі, якія стварылі для гнездавання трыа, праводзілі да 2016 г., пасля чаго Balthazar знік. Знаходка яго жывым праз столькі гадоў сведчыць пра тое, што хутчэй за ўсё пасля 2016 г. ён ужо не гнездаваў. Але ў свае больш, чым 37 гадоў, стаў самым старым, вядомым нам, прадстаўніком віду (прынамсі ў Альпах і Пірынеях).
Ратаванне Balthazar'а высвяціла сур’ёзную праблему - свінцовая драбіна ў яго назе амаль без сумневу паходзіць з даўняй спробы яго падстрэліць. Нават праз столькі гадоў яна ўсё яшчэ атручвае арганізм птушкі.
У Францыі драпежныя птушкі знаходзяцца пад строгай аховай. Любая спроба адстрэлу, атручвання, разарэння іх гнязда з’яўляецца крымінальным злачынствам. Аднак выпадак Balthazar'а паказвае, што негледзячы на 40 гадоў інтэнсіўнай аховы і прыцягнення грамадзкай увагі да гэтай праблемы, яна ўсё яшчэ застаецца рэальнай і сур’ёзнай пагрозай.
Прыкладна праз 2 тыдні лячэння і рэабілітацыі, калі птушка пачала выглядаць дастатова добра, яна атрымала GPS перадатчык і яе вярнулі ў прыроду - выпусцілі ў Bargy Massif.
Аднак амаль праз месяц, на прыканцы лістапада, яго прыйшлося ізноў адлавіць - ён пералятаў толькі на невялікія адлегласці і дзіўна сябе паводзіў. Пасля гэтага было прынята рашэнне заставіць яго ў вальеры каб ён, калі будзе магчыма, прыняў удзел у праграме размнажэння віду ва ўмовах няволі - там некаторыя птушкі жывуць і больш 50 гадоў.
Незвычайнае жыццё Balthazar'а, якое ўсё яшчэ працягваецца, дэманструе няпростыя поспехі міжнароднай праграмы па рэінтрадукцыі і ахове віда, якая пачалася ў Альпах яшчэ ў 1986 годзе. Прадстаўнік Vulture Conservation Foundation, якая шмат гадоў актыўна ўзельнічае ў гэтай праграме, сказаў: "Balthazar - гэта не толькі гераічны сведка, але і жывы сымбаль стойкасці аднаго з відаў, якіх у Еўропе вырашылі выратаваць.”
Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!
Чаму барадач хутчэй за ўсё не ўвайдзе ў асноўны Спіс птушак Беларусі
Знойдзена самае старае гняздо барадача на Іберыйскім паўвостраве, яму каля 30 тысяч гадоў
У гнёздах барадачоў знайшлі культурныя артэфакты нават па 650 гадоў
Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца, ёй не менш 75 гадоў
Самы стары еўрапейскі арол-маркут дагэтуль жыве ў Фінляндыі
Загінуў самы стары брытанскі чырвоны каршун
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ