Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца, ёй не менш 75 гадоў

лайсанскія альбатросы

Самая старая, вядомая нам дзікая птушка - самка лайсанскага альбатроса (Phoebastria immutabilis) па мянушцы Wisdom (Мудрасць), вярнулася на атол Мідуэй у Ціхім акіяне каб размнажацца ў сезоне 2025-26. Яна ўжо заняла сваё звычайнае месца гнездавання і чакае там партнёра.

Мудрасць закальцавалі ў 1956 годзе, калі яна гнездавала на атоле і, значыць, ёй ужо было не менш 6 гадоў. Таму цяпер яе ўзрост мінімум 75 гадоў, хаця яна можа быць і значна старэйшай. Мудрасць даўно змяніла нашы ўяўленні пра магчымую працягласць жыцця дзікіх птушак і за гэты час магла адкласці ад 50 да 60 яек, падняць на крыло каля 30 птушанят і праляцела мільёны кіламетраў над акіянам.

У гэтым годзе яна прыляцела на месца размнажэння троху раней звычайнага, у сярэдзіне лістапада. Але яе мінулагодні партнёр з кальцом 'EX25' яшчэ не вярнуўся. У апошнія гады, пасля знікнення яе доўгачасовага партнёра па мянушцы Akeakamai, яна адклала жыццяздольнае яйка ў 2024-м ўпершыню за 4 гады. Птушанё вылупілася з яго ў пачатку гэтага году і такім чынам Мудрасць стала самай старай дзікай птушкай, якая размнажалася паспяхова.

Midway Atoll National Wildlife Refuge знаходзіцца на паўночны захад ад Гавайскіх астравоў і на ім размешчана самая вялікая гнездавая калонія альбатросаў у Свеце. Толькі лайсанскіх альбатросаў тут каля 450 тысяч пар, а разам з іншымі прадстаўнікамі акіянічных відаў птушак, якіх тут адзначана больш 20, усяго на атоле гняздуюць каля 3 мільёнаў асобін.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Wisdom (з чырвоным кальцом 'Z333') і яе новы партнёр мяняюцца пад час інкубацыі на гняздзе 26-11-2024 (Dan Rapp / USFWS).

 

На гэтую тэму:

У самай старай дзікай птушкі ізноў вылупілася птушаня!

Старасць – зусім не перашкода ў поспеху гнездавання

Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца!

Самая старая брытанская палярная крычка была знойдзена мёртвай у Шатландыі

Неверагодны рэкорд доўгажыхарства ад куліка-крыўка

Самы стары еўрапейскі арол-маркут дагэтуль жыве ў Фінляндыі

Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства