Самаму стараму брытанскаму вялікаму кулёну хутка споўніцца 34 гады

вялікі кулён

Самка вялікага кулёна (Numenius arquatа) усталявала новы рэкорд працягласці жыцця віду на Брытанскіх астравах. Птушка, якая была акальцавана птушанём на востраве Brownsea у графстве Dorset (паўднёвы захад Англіі) у верасні 1992 г., назіралася сёлета у пачатку сакавіка ў мясцовасці New Forest на поўдні Англіі і такім чынам жыве ўжо 33 гады і 8 месяцаў.

Папярэдні рэкорд быў усталяваны ў 2011 г. і цяпер павялічаны больш чым на год.

Выніковае назіранне атрымалася зрабіць дзякуючы камбінацыі каляровых калец, якія навукоўцы, разам са спадарожнікавым перадатчыкам, павесілі ў 2022 г. на пераадлоўленую ў New Forest самку. Яе назвалі Mrs Ogdens, па назве вёскі ў Fordingbridge, дзе злавілі. Тым летам з дапамогай рэйнджэраў з Forestry England, якія манітораць гнездаванне вялікіх кулёнаў, гэтая самка, ва ўзросце 29 гадоў, паспяхова выгадавала адно птушанё.

Пасля гэтага перамяшчэнні птушкі адсочваліся і яна праводзіла сакавік і красавік у пойме Avon, гнездавала ў New Forest і зімавала ў Brand's Bay і на Studland Heath (абедзве мясцовасці знаходзяцца ў графстве Dorset ). Яе спробы гнездавання ў 2023 і 2024 гг. скончыліся няўдачай.

Mike Short, прадстаўнік GWCT, сказаў: "Гэта паказвае нам, што нават у такім занятым і змененым чалавекам асяроддзі як тут на поўдні Англіі, можна мець адпаведныя ўмовы для размнажэння дзікіх вялікіх кулёнаў, якія могуць паспяхова гнездаваць нават ва ўзросце 29 гадоў”.

Flo  Blackbourn з Curlew Action дадаў : "Новы рэкорд працягласці жыцця вялікага кулёна неверагодны і нагадвае нам як доўга гэтыя птушкі могуць жыць побач з намі. Тым не менш, іх доўгажыхарства маскіруе крызіс у іх ахове, таму што з іх гнёздаў вылятае замала птушанят каб колькасць віду заставалася стабільнай.

Толькі за апошнія 25 гадоў папуляцыя віду ў Злучаным каралеўстве зменшылася прыкладна напалову. Каб змяніць гэты адмоўны трэнд, неабходныя тэрміновыя дзеянні ‘на зямлі’ з яснай падтрымкай палітычных зменаў. Гэта і было асноўнай мэтай новага Плана дзеянняў па захаванні вялікага кулёна ў Вялікабрытаніі (UK Curlew Action Plan), які быў прыняты ў студзені гэтага году.” 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Янушэвіча

 

На гэтую тэму:

Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца, ёй не менш 75 гадоў

Двум крыўкам, адзначаным жывымі ў Англіі, больш за 40 гадоў!

Самы стары ў Свеце сярэдні кулён паходзіць з Шэтландзкіх астравоў

Самы знакаміты кулік “налятаў” ужо 400 тысяч км !

Самая старая белашчокая казарка размяняла чацвёрты дзесятак