Брытанская зязюля з перадатчыкам ужо вярнулася ў Еўропу

звычайная зязюля

Адна з некалькіх звычайных зязюляў (Cuculus canorus), перамяшчэнні якіх можна адсочваць дзякуючы спадарожнікавым перадатчыкам, размешчаным на іх Брытанскім арніталагічным трастам (BTO), ў рэкордны тэрмін прыляцела на наш кантынент пад час вяртання на Брытанскія астравы з зімоўкі ў Афрыцы.

Самец па мянушцы Ashok праляцеў праз цэнтральную частку Сахары і прыпыніўся на паўночным усходзе Алжыра перш, чым пераляцець над Міжземным морам і ўвечары 25 сакавіка прызямліцца ў рэгіёне Almería ў Паўночна-Усходняй Гішпаніі.

мапа

Месцазнаходжанне двух самых ранніх самцоў звычайнай зязюлі на 01-04-2026. Мапа з сайта ВТО.

Ashok не толькі самым першым з усіх брытанскіх зязюляў з перадатчыкамі вярнуўся на наш кантынент сёлета, але гэта яшчэ і самае ранняе, вядомае нам, з’яўленне віда ў Еўропе.

Хутчэй за ўсё другой зязюляй, якая пераляціць Міжземнае мора на шляху ў Вялікабрытанію, стане самец па мянушцы Arthur. Увесь сакавік ён правёў у Заходняй Афрыцы, а 1 красавіка апынуўся на захадзе Марока недалёка ад прыбярэжнага горада Agadir, для чаго праляцеў прыкладна 2500 км на поўнач з  Côte d'Ivoire.

Дзякуючы адмысловаму праекту ВТО, які распачаўся яшчэ ў 2011 г., стала вядома, што брытанскія зязюлі праводзяць зіму ў дажджавых лясах Конга. З 1995 г. колькасць віда ў Вялікабрытаніі зменшылася больш, чым на 30% і цяпер зязюля знаходзіцца ў Чырвоным спісе Злучанага Каралеўства. Было знойдзена, што ў залежнасці ад месца паходжання птушак на Брытанскіх астравах, яны не толькі карыстаюцца рознымі шляхамі пад час восеньскай міграцыі, але і дэманструюць розную смяротнасць. Усе пазначаныя перадатчыкамі птушкі з Шатландыі і Уэльсу – дзе памер мясцовых папуляцый застаецца больш стабільным, выкарыстоўвалі больш бяспечны для зязюляў шлях праз Італію. Тады як птушкі з Англіі, дзе за апошнія 25 год памер папуляцыі скраціўся на 71%, ляцелі і праз Італію, і праз Гішпанію.

Паводле bto.org/cuckoos (тэкст і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак зязюлі з вусенем Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Вясна будзе! Першая зязюля ўжо вяртаецца дадому

Спадарожнікавае сачэнне за брытанскімі зязюлямі: змяншэнне іх колькасці звязана з рознымі пралётнымі шляхамі

Звычайныя зязюлі з Карэі ляцяць зімаваць у Паўднёва-Усходнюю Афрыку

Асаблівасці гнездавога паразітызму звычайнай зязюлі на чаротаўках

Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO