Звычайныя зязюлі з Карэі ляцяць зімаваць у Паўднёва-Усходнюю Афрыку

зязюля

Звычайная зязюля (Cuculus canorus) – адзін з самых вядомых аблігатных гнездавых паразітаў Еўразіі. Дзякуючы выкарыстанню спадарожнікавых перадатчыкаў, атрымалася паказаць, што зязюлі з Карэйскага паўвострава лятаюць на зімоўку ў Мазамбік і Танзанію і штогод пралятаюць пад час сезонных міграцый каля 22.000 км.

Адной з важных характэрыстычных рысаў звычайных зязюляў ёсць спецыялізацыя на паразітызме на адным ці шэрагу блізкіх відаў-прыёмных бацьках. Гэта вымагае ад віда падзелу як мінімум самак на генетычныя расы і яны насамрэч адрозніваюцца не толькі афарбоўкай яек, але і тыпам месцапражывання пад час размнажэння, асаблівасцямі феналогіі міграцыі і вылета птушанят – усё гэта залежыць ад асаблівасцяў гнездавання і канкрэтнага прыёмнага віда, і канкрэтных прыёмных бацькоў. Гэтыя асаблівасці могуць уздзейнічаць на асаблівасці міграцыі канкрэтных генетычных рас зязюляў. Для адсочвання перамяшчэнняў зязюляў выкарысталі спадарожнікавыя перадатчыкі, размешчаныя на 10 самцах зязюляў (па 5 кожнай з двух генетычных рас), якія былі адлоўлены ў трох розных месцах Паўднёвай Карэі. У двух з трох гэтых месцаў зязюлі падкідвалі яйкі вінагорлым суторам (Sinosuthora webbiana), у трэцім - чырванавухім стрынаткам (Emberiza cioides):

Самцы з перадатчыкамі выляцелі за межы Паўднёвай Карэі  на прыканцы жніўня – у пачатку верасня і прыляцелі на месцы зімоўкі ў Паўднёва-Усходняй Афрыцы ў канцы лістапада. Зімоўка працягвалася да сакавіка-красавіка наступнаг году і птушкі вярнуліся для размнажэння на Карэйскі паўвостраў у мае.

Пасля непрацяглых прыпынкаў пад час восеньскай міграцыі, зязюлі бесперапынным пералётам працягласцю прыкладна 3000 км пераляцелі над Аравійскім морам з Індыі ў Самалі. Сярэднія сутачныя адлегласці, якія пераадольвалі самцы розных генетычных рас фактычна не адрозніваліся і склалі 141 ± 11,4 км для птушак, якія паразітуюць на суторах і 130 км для тых, што паразітуюць на стрынатках. Вельмі магчыма, што з-за невялікай выбаркі таксама не атрымалася знайсці адрозненняў і ў агульнай адлегласці міграцыі: адпаведна 12.153 ± 499 км і 11.692 км.

мапа

Трасы міграцыі самцоў звычайнай зязюлі са спадарожнікавымі перадатчыкамі з Паўднёвай Карэі на месцы зімоўкі ў Афрыку, з Won Lee et al. 2023.

Такім чынам, карэйскія зязюлі з розных месцаў паказалі падобныя міграцыйныя паводзіны і ў выбары маршрута пералётаў, іх часу, месцаў прыпынкаў і зімоўкі. Прыкладна трэцюю частку году птушкі праводзяць на Карэйскім паўвостраве, што прыкладна ў два разы даўжэй, чым еўрапейскія зязюлі ў Еўропе (каля 15% году, Willemoes et al., 2014). Каля чатырох месяцаў зязюлі з Карэі праводзяць на зімоўцы і столькі ж часу трацяць на пералёты туды і на месцы размнажэння. Агульная адлегласць, якую птушкі з Карэі пераадольваюць пад час штогадовых міграцый у Танзанію і Мазамбік 22.000 км, тады як еўрапейскія птушкі штогод ляцяць прыкладна па 16.000 км. Галоўныя месцы прыпынку карэйскіх зязюляў – М’янма, Індыя і Самалі. Пад час сезоннага пералёту яны пралятаюць над Жоўтым морам, над Бенгальскім залівам Індыйскага акіяна і над Аравійскім морам.

Крыніца: Won Lee et al. 2023 Long-distance migration of Korean common cuckoos with different host specificities, Global Ecology and Conservation 43, e02426 https://doi.org/10.1016/j.gecco.2023.e02426

Паводле www.sciencedirect.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Спадарожнікавае сачэнне за брытанскімі зязюлямі: змяншэнне іх колькасці звязана з рознымі пралётнымі шляхамі

З незвычайнага жыцця звычайнай зязюлі. Частка І

З незвычайнага жыцця звычайнай зязюлі. Частка ІІ

Зязюлі зрабілі сваю справу - зязюлі адлятаюць на зімоўку

Чаму дронга могуць вызначыць і выкідваць ажно 94% яек зязюляў са сваіх гнёздаў?