Разнастайнае гарадзкое асяроддзе , якое можа дынамічна змяняцца, прад’яўляе свае істотныя патрабаванні да многіх дзікіх відаў жывёл і або абмяжоўвае іх колькасць і распаўсюджанне, альбо наадварот, спрыяе яму. Адной са своеасаблівых груп драпежнікаў, пра асаблівасці гарадзкога жыцця якіх мала вядома, з’яўляюцца совы.
Апошняя інвентарызацыя відавога складу і асаблівасцяў распаўсюджання соваў у Варшаве (Польшча) была зроблена больш, чым 3 дзесяцігоддзі таму. Таму ўяўлялася актуальным даследаванне, праведзенае невялікай групай арнітолагаў у сталіцы Польшчы ў 2024 годзе, мэтай якога стала не толькі вызначэнне відавой разнастайнасці гэтай групы ў горадзе, але і ацэнка іх колькасці.
Даследаванне праводзілася стандартнымі метадамі галасавой стымуляцыі на аснове ведання разнастайнай структуры гарадзкіх ландшафтаў і вядомых экалагічных прэферэнцый да рознага асяроддзя 6 відаў соваў: шэрай кугакаўкі (Strix aluco), вушатай савы (Asio otus), сыча-сіпеля (Athene noctua), вераб’інага сычыка (Glaucidium passerinum), касматаногага сыча (Aegolius funereus) і сіпухі (Tyto alba).
Сярод усіх гэтых відаў, у Варшаве атрымалася вызначыць 107 гнездавых тэрыторый шэрай кугакаўкі з сярэдняй шчыльнасцю 21 тэрыторыя на 100 кв км і 15 гнездавых тэрыторый вушатай савы з сярэдняй шчыльнасцю 3 тэрыторыі на 100 кв км. Акрамя гэтага была зроблена адзінкавая рэгістрацыя касматаногага сыча пад час яго вясновай міграцыі.
Атрыманыя вынікі ў параўнанні з папярэднімі даследаваннямі паказалі параўнальную стабільнасць гнездавой папуляцыі шэрай кугакаўкі ў Варшаве, змяншэнне на гнездаванні колькасці вушатай савы і поўнае знікненне іншых відаў соваў з тэрыторыі горада.
Крыніца: Dawid Sadkowski, Weronika Baranowska, Kajetan Chalecki, Karolina Kuczkowska, Jan Rapczyński 2026 Liczebność i zróżnicowanie gatunkowe sów w Warszawie w 2024 roku, Ornis Polonica 2026, 67: 110-124 https://doi.org/10.12657/ornis.2026.2.3
Паводле www.ornis-polonica.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак вушатай савы - Сяргей Чарапіца
На гэтую тэму:
«Филины с кладбища», или мои встречи с Птицей 2015 года в Малорите
Простыя складаныя ўзаемасувязі: совы і палёўкі
Сіпухі: плюсы і мінусы рознай афарбоўкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ