Міжнародная каманда навукоўцаў даследавала выкарыстанне прасторы, выбар біятопаў для палявання і сутачную актыўнасць вераб’іных сычыкаў (Glaucidium passerinum). Для параўнання абралі папуляцыі віду з поўначы і поўдня Еўропы, якія займаюць барэальны (паўднёвы захад Фінляндыі) і субальпійскі лес (Заходнія Альпы ў Італіі).
На абодвух тэрыторыях лясы чаргаваліся з параўнальна вялікай доляй адкрытых сельгаспалеткаў і верхавымі балотамі. Сычыкі гнездавалі як ў штучных, так і ў натуральных дуплах, выкутых вялікім дзятлам (Dendrocopos major).
У 2021-24 гг. GPS-перадатчыкамі былі пазначаны 26 гняздуючых самцоў сычыка, па 13 для кожнай тэрыторыі, дзякуючы чаму былі атрыманы 6076 дакладных пунктаў месцазнаходжання птушак за гэты час. На аснове іх былі зроблены межы гнездавых тэрыторый на 90% часу месцазнаходжання ў іх на аснове шчыльнасці іх ядра з улікам аўтакарэкцыі (autocorrelated kernel density estimators (AKDE)). Выбар гнездавых біятопаў вызначаўся з дапамогай абагульненых лінейных змяшаных мадэляў GLMM, а сутачная актыўнасць характэрызавалася шляхам мадэлявання імавернасці актыўнасці птушак з выкарыстаннем цыклічных адытыўных мадэляў GAM.
На абодвух даследаваных тэрыторых (у Фінляндыі і Італіі) вераб’іныя сычыкі праявілі сябе як амаль выключна лясныя птушкі: у 90% AKDE яны знаходзіліся ў суцэльным лесе (пушчы sensu stricto) і пазбягалі адкрытых тэрыторый і нядаўніх высечак. Актыўнасць птушак аказалася дзённай, з пікамі на досвітку і пад час змяркання пасля заходу сонца. Сычыкі з барэальнага рэгіёну Фінляндыі летам былі актыўнымі больш працяглы час у параўнанні з птушкамі з субальпійскага лесу ў Італіі за кошт большай па працягласці светлай часткі сутак. Тым не менш, плошча тэрыторый птушак у Фінляндыі аказалася ў сярэднім у два разы большай, а адлегласці, якія пераадольвалі на іх сычыкі, былі на прыкладна 30% даўжэйшымі ў параўнанні з птушкамі з Італіі.
Увогуле знойдзенныя адрозненні ў выкарыстанні жыццёвай прасторы і актыўнасці сычыкаў на папуляцыйным узроўні адпавядалі асаблівасцям тэрыторый, для якіх гэтыя адрозненні вывучаліся. Аднак прыхільнасць віда да спелых лясоў назіралася ў абодвух месцах і такая залежнасць можа значна абмяжоўвываць магчымасць адаптацыі падобных лясных спецыялістаў да хуткай трансфармацыі іх ляснога асяроддзя і падкрэслівае неабходнасць захаваць старыя лясы з іх складанай структурай.
Крыніца: Baroni, D., Cecere, J.G., Koliopoulos, S. et al. 2026 Landscape composition and photoperiod shape differences in space use and hunting behaviour between boreal and Alpine pygmy owl populations. Landsc Ecol 41, 183 https://doi.org/10.1007/s10980-026-02462-4
Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Паўла Лычкоўскага aka Palych
На гэтую тэму:
Павелічэнне колькасці і пашырэння вераб’інага сычыка ў Польскім Памор’і
Самцы вераб’іных сычыкаў робяць меншыя запасы ежы на зіму, чым самкі і маладыя птушкі
Вераб’іны сычык пачаў каланізацыю Гішпаніі?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ