Дзякуючы выкарыстанню спадарожнікавага перадатчыка ўпершыню атрымалася адсачыць дэталі перамяшчэнняў асобнага малога грыцука (Limosa lapponica) з месца зімоўкі на ўсходнім узбярэжжы Англіі да месца гнездавання ў Цэнтральнай Сібіры і назад.
Птушка па мянушцы Phil праляцела пад час вясновай і восеньскай міграцыі агулам прыкладна 10.940 км, стартаваўшы з заліву The Wash у Паўночным моры і дасягнуўшы месца гнездавання на паўвостраве Таймыр (Расія), а цяпер вярнулася ў ой самы заліў на зімоўку. Спадарожнікавы перадатчык вагой 6 г птушка атрымала сёлета ў студзені дзякуючы ўдзельнікам Wash Wader Research Group (WWRG), а мянушку ў гонар былога лідэра даследчай групы Phil’а Ireland’а.
Дадзеныя з перадатчыка паказалі, што спачатку кулік паляцеў у сакавіку з англійскага ўзбярэжжа Паўночнага мора на нідэрландзкае ўзбярэжжа мора Уэддэна, потым на нямецкае і данскае і скончыў пералёт у Цэнтральнай Сібіры на прыканцы мая. На адваротным шляху грыцук пераляцеў над Паўночным Ледавітым акіянам у Паўночную Нарвегію, прыпыніўся там на трох маленькіх астраўках і далей праз мора Уэддэна вярнуўся ў заліў The Wash.

Jeff Kew, супрацоўнік RSPB, сказаў: "Вельмі прыемна думаць, што птушка, якую мы адлавілі ў заліве Wash у студзені, праляцела тысячы міль у Сібір і назад. Адсочваючы перамяшчэнні Філа мы ўзгадваем пра тое, што ахова пералётных птушак павінна быць глабальнай справай”.
Заліў The Wash - самая важная сістэма прыбярэжных балот для кулікоў, якая падтрымлівае вялікую колькасць малых грыцукоў, ісландзкіх пясочнікаў і чорных казарак на міграцыі і зімоўцы. WWRG вывучае ў гэтым месцы кулікоў з 1959 г.. Хутчэй за ўсё Phil правядзе ўсю зіму там, куды вярнуўся - у рэзерваце RSPB Snettisham, дзе высокія адлівы збіраюць тысячы кулікоў розных відаў.
Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Малы грыцук вярнуўся ў Англію пасля таго, як даляцеў да Біскайскага заліва
Ёсць новы рэкорд безпасадачнага пералёту сярод птушак!
Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ