Птушкі, сальса, семінар!

12.11.2010 - 10:42 | Kiolk

6-7 лістапада ў прафілакторыі “Купалінка”, што пад Гродна, адбыўся вялікі семінар пад назвай “Назіраем, вывучаем і ахоўваем птушак разам”. Гэты семінар здолеў сабраць 23 ўдзельніка (студэнты, магістранты і аспіранты) з розных куточкаў Беларусі, дзе кожны меў магчымасць падзяліцца з іншымі сваімі ідэямі наконт назіранняў, вывучэння і аховы птушак.

Усё пачалося з прыезду і паступовага размяшчэння ўсіх удзельнікаў у нумарах “Купалінкі”. Радасныя папіскванні, моцныя абдымкі і пяшчотныя усмешкі напоўнілі гасцініцу: сустрэліся сябры. Трохі перазнаёміліся і з новымі тварамі.  Мільён пазітыўных эмоцый перапаўнялі душы маладых людзей. Падсілкаваўшыся тлустымі каўбаскамі з ёгуртам, моладзь рушыла ў залу, дзе меўся адбыцца семінар. Перад тым, як сесці за руплівую працу, удзельнікі разам з арганізатарамі гулялі ў гульні, накіраваныя на пераадоленне ўнутранага дыскамфорту і вербальнага бар’еру. Урэшце, звалодаўшы са сваёй унутранай замкнёнасцю, удзельнікі сабраліся ў зале, менавіта ў якой і пачаліся ўсе абмеркаванні.

Даведаўшыся, хто чаго чакае ад семінару, і вызначыўшыся з правіламі і паводзінамі, хлопцаў і дзяўчат падзялілі на дзве групы, якія працавалі самастойна і незалежна ў розных накірунках. У першую, больш масавую, групу ўвайшлі студэнты 1-3 курсаў, якія ўдзельнічалі ў трэнінгу па правядзенню інтэрактыўных прэзентацый і абмеркаванняў; іншая ж група рыхтавалася да прадстаўлення, аналізу і абмеркавання міні-праектаў, якія яны выконвалі сёлета.

Другая палова дня таксама прайшла не меней прадуктыўна. Удзельнікі вялікага семінару на ўласным вопыце, на асабістых прапановах выкарыстоўвалі разнастайныя метады інтэрактыўнага навучання і абмеркавання. Уся праца разбаўлялася цікавымі гульнямі і перапынкамі на каву. Вечарам падводзіліся вынікі і абвяшчаліся планы на наступны дзень.

Так ужо сталася, што ў тым корпусе, дзе ладзіўся семінар, намячалася сальса-вечарынка. Стомленыя, але задаволеныя сабой, хлопцы і дзяўчаты вырашылі дарма не губляць час і завітаць на “агеньчык” . Выдатныя прафесійныя танцы розных відаў сальса і, як падарунак арганізатараў, капуэра, лагічна на высокай ноце скончылі і без таго перанасычаны цікавосткамі дзень.

7 лістапада раніца прыйшла не адразу. А восьмай пачалі са сваіх пакояў выпаўзаць заспаныя твары і збірацца на сняданак, а потым уся гэтая дружная грамада завітала ў ужо знаёмую залу “Купалінкі”. Гэты дзень абяцаў быць асабліва цікавым, хаця б таму, што ён з’яўляеўся днём нараджэння  і запуску новых ідэй у суцэльны механізм творчых студэнцкіх праектаў. Ад размоў ды гульняў паступова перайшлі да таго, што кожны з удзельнікаў меў магчымасць адлюстраваць на аркушы пэўную праблему, якую можна вырашыць пры асаблівых умовах і абставінах. Кожная студэнцкая думка абмяркоўвалася ўдзельнікамі і агулам вырашалася, ці варта яна далейшай увагі. У выніку ў “фінал” прайшла чацвёрка лепшых. Той, хто прапанаваў дадзеную праблему стаў каардынатарам, астатнія ж паставілі свой подпіс за той ці іншы праект, тым самы вызначыўшыся, з кім далей будзе працаваць.

 

 

Так, чатыры групы, заняўшы кожная сваё месца, пачалі абмяркоўваць і будаваць план рэалізацыі свайго будучага праекту. Праз пэўны час, зноў аб’яднаўшыся, удзельнікі пачалі прадстаўляць прысутным тое, што ў іх атрымалася.  Кожны прадстаўнік  групы абараняў свой праект так, як маці абараняе сваё дзіця. Шэраг розных эмоцый можна было назіраць на тварах ўдзельнікаў пад час дакладаў. Былі смех і слёзы, радасць і крыўда, гонар і няўпэўненасць, спакой і мітусня. Нехта змог даказаць свой пункт гледжання, а нехта – не. Адны былі “за”, іншыя “супраць”. У кагосці атрымаліся ўдалыя праекты, у некага –  не зусім, а нехта і ўвогуле памыліўся ў сваіх думках і меркаваннях, абраўшы не зусім праблемную праблему. Пасля ўсяго – падвядзенне вынікаў за два дні, невялічкая рэфлексія, апошні агульгы абед і, непасрэдна, заўсёды сумнае развітанне ды ад’езд.

На такой сумнай ноце не будзем заканчваць артыкул. Ды і чаму ж яна сумная? Развітанне – гэта толькі нагода, каб сустрэцца. Таму, жадаю ўдзельнікам вялікага семінару творчых поспехаў, натхнення, крыху трывання  і цярпення. Тварыце і стварайце! Пішыце, выпраўляйце! Жадання і надзеі, праектам быць падзеяй!

Да наступнага семінару, сябры!

 Юля Траццяк

 

Comments

Юля, вялікі дзякуй за такое падрабязнае апісанне сэмінару і файныя здымкі.

Спадзяюся, што ў наступны раз атрымаецца лепш і без непатрэбных эмоцый з майго боку.  Дзякуй за разуменне і прабачэнне.

А я ўсё ж рада, што атрымалася менавіта так, як атрымалася. Гэта трохі мяне прызямліла і дало падставу да думкі, што трэба больш грунтоўна абдумаць натупны раз сваю ідэю, "абсмактаць" з усіх бакоў. І, толькі калі ніякіх пытанняў не ўзнікне да самой сябе, падзяліцца інфармацыяй. 

 

Дзякуй і Вам, Дзіма.