Студэнты - сябры АПБ сустрэліся ў Мінску

Чарговы студэнцкі семінар, які ладзіўся ў Мінску 28 студзеня, зноў сабраў вялікую колькасць маладых сяброў прыроды і аматараў птушак. З розных куткоў Беларусі: Баранавіч, Брэста, Гродна, Горак, Кобрыня, Наваградка, Маларыты, Росі, Мінску і іншых мясцінаў прыехалі ў РЭЦДзЮ гаманлівыя студэнты, каб навучыцца састаўляць свае ўласныя праекты і кіраваць імі. Некаторыя з іх ужо ведалі, што значыць быць кіраўнікамі праекту, таму з задавальненнем дзяліліся ўласным вопытам з маладасведчанымі калегамі.


Самыя адказныя студэнты з’явіліся на месцы задоўга да пачатку запланаванай праграмы, узяўшы на сябе адказнасць у дапамозе арганізатрам і сустрэчы ўдзельнікаў семінару. Сабраўшы ўсіх запрошаных цяперашніх і ўжо былых студэнтаў, семінар распачаў сваю плённую працу. На самым пачатку, каб “разагрэць мазгі”, трэба было ўдзельнікам праяўляць крэатыў. Яны старанна малявалі маркерамі свае уласна  створаныя гербы, дзе графічна адлюстроўвалі інфармацыю пра сябе: адкуль прыехалі, куды прыехалі значэнне прозвішча і адбівалі на паперы выяву сваёй любімай птушкі.
Пасля таго, як пазнаёміліся і трошкі прывыклі адзін да аднаго, удзельнікам адразу было прапанавана ўспомніць мінулыя семінары, ды перайсці да асабістага выдзялення пэўных праблемаў і іх агучвання. Пасля  вынаходзілі нешта новае ў парах, а потым у невялічкіх групках, каб далей вызначыць разам самыя істотныя і цікавыя для вырашэння праблемы.
Выканаўшы такую працу, варта адпачыць. Нішто так не вяртае сілы, як кава-паўза і рухомыя гульні. Але доўга бяздзейнічаць нельга. Трэба вызначыцца з праблемай, якую той ці іншы ўдзельнік семінару можа альбо вырашыць, альбо паспрыяць яе вырашэнню.  Так стварыліся групы, у якіх мы працавалі з пэўным пытаннем частку першай і ўсю другую палову семінару. Пасля былі агучаныя вынікі супольнай працы, адбывалося абмеркаванне з аўдыторыяй, выпраўленне памылак і фармальнае прыняцце праектаў.
Усё добрае праходзіць з надзвычайнай імклівасцю і мае здольнасць калі-небудзь скончыцца. Так і гэты семінар. Падвядзенне вынікаў, пабудаванае на псіхалагічных характарыстыках праведзенай працы, і рухомая гульня сталі яго лагічным завяршэннем. Застаецца толькі пажадаць удзельнікам не спыняцца на ўжо дасягнутым. Заўсёды ёсць нешта новае, да чаго варта імкнуцца. Творчых поспехаў і дасягнення мараў і жаданняў, сябры!
 

Юля Траццяк, удзельніца семінару,
здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага