Ад змены палітычнага рэжыму выйгралі птушкі з большым мозгам

Згодна з новай працай, апублікаванай у часопісе Biological Conservation ,   пасля   1989-1990   гг.  ва Ўсходняй Германіі і Чэхіі павялічылася колькасць і распаўсюджанасць  вераб’іных птушак з параўнальна вялікімі памерамі мозгу.

Даследчыкі з Нямецкага цэнтру біяразнастайнасці і клімату German Biodiversity and Climate Research Centre (BiK-F) і Чэшскага Карлавага ўніверсітэту (Charles University) у супрацоўніцтве з Федэрацыяй нямецкіх авіфауністаў (Dachverband Deutscher Avifaunisten) параўналі папуляцыйныя трэнды розных відаў птушак для розных рэгіёнаў Еўропы. 
Усяго былі даследаваны папуляцыйныя трэнды 57 відаў птушак з 1991 па 2007 гады. Акрамя гэтага, параўноўваліся розныя характэрныя асаблівасці відаў, такія як месцапражыванні, харчовая  і кліматычная нішы, міграцыйная стратэгія, памер мозгу ў адносінах да памеру цела. Потым глядзелі, ці знойдзеныя трэнды ў папуляцыях відаў толькі рэгіянальныя, ці адбыліся шмат дзе  -  г.зн. маюць хутчэй агульны характар. У  якасці рэгіёнаў для параўнання выкарыстоўваліся дадзеныя для Чэхіі, Паўночна-Заходняй  і Ўсходняй Германіі.
Атрымалася, што знойдзеныя  рэгіянальныя адрозненні ў папуляцыйных трэндах для пеўчых птушак былі звязаныя  з памерам  іх мозгу. Ў відаў з большым мозгам моцна павялічыліся  папуляцыі ў Чэхіі, адзначаны больш слабы іх рост для Ўсходняй Германіі і колькасць іх не змянілася ў Паўночна-Заходняй Германіі. Такія яўныя адрозненні паміж былымі тэрыторыямі Ўсходянга і Заходняга блокаў маглі быць звязаныя толькі з разнастайнымі соцыя-культурнымі зменамі, якія адбыліся ў былых сацыялістычных краінах.
Навукоўцы тлумачаць такія вынікі тым, што павелічэнне колькасці вераб’іных птушак з параўнальна вялікім мозгам можна растлумачыць лепшымі кагнітыўнымі здольнасцямі птушак такіх відаў, што дазваляе ім хутчэй і лепш прыстасоўвацца да зменаў  у біятопах, звязаных са зменамі ў палітычным устройстве і гаспадарчай дзейнасці людзей пасля развалу сацыялізму ў краінах Усходняй Еўропы.   
У прыватнасці, птушкі з лепшымі кагнітыўнымі асаблівасцямі выкарысталі магчымасці, якія з’явіліся і каланізавалі гарады ў Чэхіі і Ўсходняй Германіі. Пасля 1989-1990   гг. у многіх усходнееўрапейскіх  гарадах павялічылася  плошча паркаў і зялёных зонаў, адначасова ўзніклы шматлікі сярэдні клас пераехаў у  прыгарады, дзе адбыўся будаўнічы бум. Сарокі, сойкі,  вялікія і сінія сініцы  -  птушкі з параўнальна вялікім  мозгам паказалі  высокую адаптыўную здольнасць і прыстасаваліся да жыцця каля чалавека.  Яны могуць хутка распаўсюдзіцца ў новых  біятопах, такіх як зялёныя зоны гарадоў і  прыгарады і павялічылі сваю колькасць. Тады як, напрыклад,  шэрыя лескі  -  птушкі з параўнальна малым мозгам,  не змаглі адаптавацца да  менаў у асяроддзі і значна зменшылі сваю колькасць.


Праца таксама паказала ўздзеянне яшчэ двух знешніх фактараў, якія мелі падобны ўплыў  на рэгіёны, якія  параўноўваліся.  Гэта інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі і змены клімату. Віды птушак з больш шырокай харчовай і кліматычнай нішай,  а  таксама блізкія мігранты павялічылі  сваю колькасць. Птушкі з супрацьлеглымі характарыстыкамі зменшылі  свае папуляцыі.
Такім чынам атрымалася паказаць, што некаторыя фактары маюць універсальны характар, а некаторыя  -  рэгіянальны і залежаць ад асаблівасцяў зменаў у рэгіёнах,  якія параўноўваліся.  

 
Крыніца:
Reif, J., Böhning-Gaese, K., Flade, M., Schwarz, J., Schwager, M. Population trends of birds across the iron curtain: Brain matters. Biological Conservation (2011), doi:10.1016/j.biocon2011.07.009 avalible here

Здымак сойкі Дзьмітрыя Якубовіча

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:
Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак

Птушкам-адмыслоўцам загорача?

Гэтая сарока ведае Вас?